У Добрушы замест заробкаў – талоны на харчы


Талоны на каўбасу, цукар, туалетную паперу… Для жыхароў Добрушу і вёскі Церахоўка гэта не настальгія па савецкім мінулым, а рэальнасць. Штомесяц працаўнікам прадпрыемстваў, што ўваходзяць у аб’яднанне «Добрушскі камунальнік», заробкі часткова выдаюць талонамі.

Прычына зусім не ў дэфіцыце тавараў

«Нам РАЙПО павінна грошай, наяўнымі яны не могуць камунальніку аддаць, таму мы забіраем пазыку такім чынам, даюць працоўным квіткі гэтыя, сертыфікаты, на харчовыя, прамысловыя тавары, мы можам браць адзенне, будаўнічае, бытавую хімію», – распавядае Таццяна Жыткіна, працаўніца «Церахоўскага камунгасу».

Адзін сертыфікат раўназначны Br 10. Іх працаўнікам выдаюць ад двух да пяці ў залежнасці ад заробку. Атаварыць талоны можна толькі ў крамах Добрушскага спажывецкага таварыства, папулярнасцю якія не карыстаюцца.

«Пойдзеш у краму, а там – шаром пакаці, і даражэй, па-першае».

«У Сельпо на 20 рублёў я магу ўзяць батон каўбасы, які каштуе рублёў 8-9 за кілаграм, хаця ў той жа прыватнай краме ён каштуе 5,60 – 5. У Сельпо пераплачваеш недзе ў 1,5 разы, чым у іншай краме».

– даводзяць працаўнікі «Добрушскага камунальніка».

Навошта гэта ўсё?

У прыватнай размове журналістам нашага тэлеканалу наяўнасць пазыкаў адмыслоўцы раённага спажывецкага таварыства патлумачылі тым, што іх крамы не вытрымліваюць канкурэнцыі. У раёне актыўна прасоўваецца больш танная гандлёвая сетка «Еўраторг». Аднак чаму закладнікамі бартарнае схемы з прадпрыемствам-даўжніком сталіся шараговыя працаўнікі? Афіцыйных каментароў на гэты конт нам не далі. Работнікаў жа сітуацыя не задавальняе, а паўплываць на яе не могуць.

«Атрымліваецца, блін, сельпо нам павінна грошай, яно не аддае, і зноў жа з працоўных здзіраюць апошнюю скуру, каб мы чыюсьці пазыку пагасілі. Вось і ўсё», – падсумоўвае зваршык «Церахоўскага камунгасу» Алег Рагін.

Будзе горш?

Развязаць праблемы айчынных прадпрыемстваў без эканамічных рэформаў і развіцця рынкавых дачыненняў немагчыма, «Добрушскі камунальнік» ужо больш за два месяцы самастойна спрабуе дапамагчы вярнуць пазыку спажывецкаму таварыству. Ахвярамі ж гэткіх добрых намераў сталіся працаўнікі чатырох прадпрыемстваў у Добрушскім раёне, якія са сваёй кішэні вымушаныя падтрымліваць неплацежаздольныя прадпрыемствы.

Юлія Лабанава, Кастусь Жукоўскі, «Белсат»