Па ўсёй краіне сталі адбіраць дзяцей за даўгі перад ЖКГ


Шматдзетная маці Вераніка Глябовіч з паселішча Негарэлае звярнулася па дапамогу да «Белсату»: дзяржынскія камунальнікі пагражаюць, што калі жанчына не аплаціць доўгу за камунальныя плацяжы за сацыяльнае жытло – адключаць электрычнасць, а потым чацвёра ейных дзяцей забяруць у прытулак. Калі малых забяруць, за ўтрыманне кожнага дзіцяці ў прытулку трэба будзе плаціць каля $ 100 за месяц.

Але як?

Сёння запазычанасць Веранікі за камунальныя складае амаль Br 5 тыс. З іх асноўны доўг – каля Br 1700, астатняе – пеня.

«Для мяне гэта сума вялікая. У мяне такіх грошай няма. Я не ведаю, як пагасіць доўг. Ну калі забяруць дзяцей у прытулак, я не ведаю, што буду рабіць», – кажа жанчына.

У разлікова-касавым цэнтры ЖКГ нам патлумачылі, што гэта адзіная мажлівасць спагнаць грошы. Камунальнікі ўжо дасылалі папярэджанне, што адключаць электрычнасць, – аплаты не паступіла, але з-за дзяцей святло пакінулі.

«Камунальныя плацяжы не аплочвалі, вось толькі апошнія 4 месяцы. Не сістэматычна яны аплочваюць, праз месяц. Аплата нясвоечасовая. Адпраўляліся папераджальныя пісьмы. Яны ніяк на гэта не рэагавалі. У аддзел адукацыі адправілі лісты з гэтымі непаўнагадовымі дзеткамі, што запазычанасць», – тлумачыць пазіцыю дзяржавы Валянціна Канейчык, адмысловец у разліках мясцовай ЖКГ.

Лёс дзяцей цяпер будзе вырашаць аддзел адукацыі

Гэта далёка не першы выпадак, раней «Белсат» паведамляў пра інцыдэнты, калі камунальнікі, каб прымусіць даўжнікоў плаціць, рабілі закладнікамі дзяцей. Але цяжка ацаніць, наколькі шырока распаўсюджаная такая практыка, бацькі рэдка звяртаюцца да журналістаў, бо баяцца яшчэ больш раззлаваць чыноўнікаў.

Беларусь – сацыяльная дзяржава, – паўтараюць чыноўнікі нават самага высокага рангу.

Ці праўда гэта?

Часта, замест дапамогі, сем’і, якія трапілі ў складаную сітуацыю, ад дзяржавы атрымоўваюць адныя ўльтыматумы.

«Як новы спосаб забеспячэння абавязкаў. Ты павінен аплаціць – ты не аплаціў – у цябе забралі дзіця – ты ўсё што заўгодна зробіш: і камуналку пагасіш, і за ўтрыманне дзіцяці аплаціш», – падсумоўвае юрыстка Алена Кашына.

Цяпер Вераніка ў дэкрэтным адпачынку і атрымлівае дапамогу на дзяцей каля Br 420. Бацька дзяцей зарабляе каля Br 300. Грошай увесь час не хапае. Дзе ўзяць патрэбную суму, каб не трапіць у яшчэ большую даўгавую яму, сям’я не ведае.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»