Выбары-2018: па Менску раз'язджаюць аўтобусы з «карусельшчыцамі»


У Беларусі працягваецца датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя саветы. І чым болей дзён мінае, тым большыя рэкорды яўкі дэкларуюць у Цэнтрвыбаркаме: толькі за першыя два дні прагаласавалі больш за адзінаццаць адсоткаў выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі ў сваю чаргу ставяцца да гэткае статыстыкі з недаверам і фіксуюць на ўчастках шматлікія парушэнні.

Галоўны дзень галасавання прызначылі на нядзелю, 18-га лютага. Аднак ужо цяпер, паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, у галасаванні прынялі ўдзел адзінаццаць адсоткаў выбарнікаў. У лідары ж выйшаў Менск. Тут свае галасы за кандыдатаў аддалі больш за 12,5 %. Што праўда, сярод апытаных намі менчукоў аматараў добраахвотна прыйсці на ўчасткі датэрмінова не знайшлося.

Гэткае заахвочванне працаўнікоў бюджэтных арганізацыяў ды навучэнцаў дзяржаўных ВНУ датэрмінова прыйсці на выбарчы ўчастак старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына назвала, цытата, законнаю стымуляцыяй выбарнікаў з боку ўладаў. Маўляў, гэта не прымус, а рэкамендацыя. Толькі вось такіх ахвотных прагаласаваць раней назіральнікі часам заўважаюць на некалькіх выбарчых участках.

Жанчын на 33-ці і 34-ты выбарчы ўчастак у Менску прывезлі адмысловым аўтам. На думку палітыкаў Анатоля Лябедзькі і Мікалая Казлова – каб стварыць ілюзію яўкі для назіральнікаў.

«Зноў прыходзяць групы, вельмі падазроныя, і агулам ёсць усе падставы меркаваць, што гэта тая сітуацыя з каруселлю, тая сітуацыя з падвозам людзей, што не маюць дачыненне да гэтага ўчастку, для галасавання, фальсіфікацыі выбараў», – кажа кандыдат у дэпутаты Мікалай Казлоў.

Перавышэнне яўкі больш, чым удвая, зафіксавалі і незалежныя назіральнікі на 11 ды 12 участках у Менску. Міліцыя, якую выклікалі з нагоды парушэння, праверыць спісы па гарачых слядах адмовілася.

«Тэлефон тут разрываўся, яны дакладалі на верх, што тут адбываецца, напэўна, агульны кансэнсус і міліцыянтаў, і тых, хто арганізоўвае выбарчы працэс, што ў гэта ў ніякім разе нельга ўмешвацца, бо, відавочна, можна было за 2 секунды раскрыць гэта злачынства, паглядзець, пагартаць спісы выбарнікаў, і пабачыць, што там няма ніякіх подпісаў», – распавядае кандыдат у дэпутаты Юры Губарэвіч.

Каб падтрымаць праўладных кандыдатаў, адміністрацыя школ, дзе ладзяцца выбары, ідуць і на іншыя хітрыкі. Да прыкладу, на сустрэчу з Алегам Шымчанкам, які балатуецца ў Віцебскі гарадскі савет дэпутатаў па 22-ой акрузе, слухачоў сабралі сярод бацькоў, якія прыйшлі на бацькоўскі сход.

«Цяперашні дэпутат па Білеўскай акрузе вырашыў балатавацца ў дэпутаты па Школьнай суседняй акрузе. На пытанне «чаму ён вырашыў змяніць выбарнікаў?» я адказу не атрымаў. Для сябе магу зрабіць адназначную выснову: не апраўдаў давер адных выбарнікаў, пайшоў за даверам іншых выбарнікаў«, – кажа праваабаронца Павел Левінаў.

Пільна сачыць за выбарамі і надалей абяцае адна з найбуйнейшых кампаніяў па назіранні »Права выбару«. Да канца галасавання ў розных рэгіёнах краіны назіральнікі будуць знаходзіцца на 35-ці выбарчых участках з 10-ай раніцы да 20-ай вечара. Агулам жа прадстаўнікі кампаніі будуць сачыць за ходам выбараў яшчэ амаль на 120 участках.

Юлія Лабанава, «Белсат»