Аб'ектыў 15.05.2018 «Па 500 тут няма». Колькі насамрэч зарабляюць беларусы?


«Па 500 тут няма». Гэтак шчыра на самаробнай шыльдзе напісаў жыхар Оршы ды паставіў яе на цэнтральнай плошчы гораду. Заробак маладзёну не ўзнялі, затое далі штраф. Але праблемы з фінансамі не толькі ў Оршы. У вёсках замест абяцаных пяцісот долараў часта зарабляюць толькі 50.

Працу жыватнаводы Наталля Завер і Ірына Шчэрбін пачынаюць а 6-ай раніцы. На гадзіну раней да пачатку змены. Бо ў аграпрамысловым прадпрыемстве «Някрашынскі» у вёсцы Валасовічы на Гомельшчыне, куды ўладкаваліся жанчыны, шмат абавязкаў: пагрузіць на цялегу па 20 мяхоў мукі або корму, раздаць цялятам, пачысціць кармушкі, а часамі – перагнаць скот. І гэтак штодня без выходных. Толькі вось заробку за гэтыя высілкі ледзь хапае, каб выжыць.

«У мяне ў гэтым месяцы 50 долараў зарплата, 40 долараў – камунальныя. На 10 долараў я мушу пражыць з дзіцёнкам. Дзе Лукашэнка, які ўсё прыгожа кажа па тв? Дзе ён? Чаму ён не бачыць, які бардак тварыцца па калгасам?» – кажа жыватнавод Наталля Завер.

Наталлі выплацілі 129 рублёў, а Ірыне – 200, што нават не дацягвае да гарантаванага мінімальнага заробку. Гэткі спад на прадпрыемстве патлумачылі тым, што, маўляў, заробак налічваюць у залежнасці ад гэтак званага прывесу. А цяляты, за якімі глядзяць Наталля і Ірына, не набіраюць патрабаванай вагі.

– Да мінімалкі 320 рублёў ім даплачваюць, калі няма прывесу, – кажа Вера Пінчук, бухгалтар ААТ Някрашынскі.
– Наталля скардзілася, што не даплацілі да мінімалкі.
– Завер? Таму што ў яе не ўсе выхады былі за месяцы, гэта раз. Па-другое, па пяць гадзін працоўны дзень. Эканаміст ёй прабачэнні прынесла і сказала, што даплачу. Вы вось гэта сваё прыбірайце! Што даплоцім у кастрычніку, бо ўжо ведамасці былі закрыты. Памылка была эканаміста і ўсё.

Між тым жанчыны даводзяць, што сціплыя заробкі атрымліваюць з канца 2017-га. Хаця раней штомесяц можна было зарабіць па 500-700 рублёў. Прадпрыемства дагэтуль займае першае месца ў раёне па прывесах. А, паколькі асабіста праверыць вагу жывёлаў працаўніцы не могуць, мяркуюць, што іх заробак залежыць ад сумлення кантралёраў. Паводле прафсаюзнага актывіста Аляксандра Бухвостава, каля 10 адсоткаў працаўнікоў у нашае краіне не атрымліваюць мінімальнага заробку.

«Калі сустракаешся з людзьмі, першае пытанне заўжды стаіць – зарабатная плата. І гэта і на прадпрыемствах Менску, і ў рэгіёнах. Таму што заробкі вельмі нізкія ў Беларусі», – тлумачыць старшыня Свабоднага саюзу металістаў Аляксандр Бухвостаў.

Нягледзячы на патрабаванні Аляксандра Лукашэнкі дасягнуць сярэдняга заробку ў 1000 рублёў за першы квартал сёлета, гэтага ўзроўню пакуль дасягнулі толькі ў Менску. Менш за ўсіх – 765 рублёў у сярэднім – зарабляюць жыхары Магілёўшчыны. Наколькі ў рэальнасці заробкі беларусаў адрозніваюцца ад афіцыйнай статыстыкі мы запыталі ў жыхароў Глыбокага на Віцебшчыне.

Жыхары Глыбокага кажуць:

«Гэта напэўна ўсё казкі больш. Нехта 1000 атрымлівае, нехта 150. У сярэднім атрымліваецца іншая сума».

– Тысячу рублёў атрымліваеце?
– Да якую тысячу, вы аб чым? Калі гэтае свята будзе?
«Атрымоўваецца, 800-900 на пяцёх. Малавата».

«Я атрымліваю мінімальны заробак і лічу, што хопіць».

А тыя, хто адкрыта выказвае сваю нязгоду малымі заробкамі, нярэдка зазнаюць ціск. Для 28-гадовага жыхара Оршы спроба выйсці на цэнтральную плошчу гораду з плакатам «Па 500 тут няма», скончылася штрафам у памеры 490 рублёў або 20 базавых велічыняў.

Што да прайцаўніц калгасу «Някрашынскі» Ірыны і Наталлі, жанчыны прызналіся, што пасля прыезду нашага тэлеканалу на іх таксама пачалі ціснуць і пераводзіць на больш складаныя працы.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

Глядзі таксама
Каментары