«Открытую Россию» Хадаркоўскага прызналі непажаданай на тэрыторыі Расеі


«Открытую Россию» Міхаіла Хадаркоўскага прызналі арганізацыяй, непажаданай на тэрыторыі Расеі. На меркаванне расейскай Генеральнай пракуратуры, яе дзейнасць скіраваная на інспірацыю пратэстаў і дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. Але датычыць забарона арганізацыі, зарэгістраванай у Вялікай Брытаніі, а не расейскага грамадскага руху.

Праз збег акалічнасцяў Генеральная пракуратура пастанавіла забараніць «Открытую Россию» за 3 дні да акцыі «Надакучыў», якую рух збіраецца зладзіць у суботу ў больш як 30-ці гарадах краіны. Мэта акцыі – заклікаць прэзідэнта Расеі не ісці на выбары ў 2018-ым годзе. Рашэнне пракуратуры мае на мэце спужаць патэнцыйных удзельнікаў пратэсту, кажуць эксперты.

Не зважаючы на тое, што забараніць грамадскі рух «Открытая Россия» немагчыма, пракрамлёўскія медыі актыўна распаўсюджваюць інфармацыю, што менавіта ён займаецца дэстабілізацыяй у краіне. Сёння ў офіс арганізацыі прыйшлі з вобшукам. Ці прывядзе прызнанне «Открытой России» непажаданаю арганізацыяй да новае хвалі палітычных рэпрэсіяў?

На гэты момант дзейнасць 10-ці замежных арганізацыяў прызнаная ў Расеі непажаданаю. Сярод іх, напрыклад, Фонд Джорджа Сораса і Міжнародны рэспубліканскі інстытут. Усе яны, на меркаванне пракуратуры, пагражаюць бяспецы Расеі. Грамадзянам, якія супрацоўнічаюць з непажаданымі арганізацыямі, пагражае да 6-ці гадоў пазбаўлення волі.

«Белсат», фота: navalny.com