Нязручны бізнэсоўца: справа Кныровіча ў судзе


У сталіцы распачаўся працэс над бізнесоўцам Аляксандрам Кныровічам. Апроч яго, на лаве падсудных яшчэ 4 чалавекі, ягоныя былыя супрацоўнікі ў кампаніі «Сармат». Падтрымаць падсудных прыйшлі дзясяткі блізкіх і сваякоў, але размаўляць з журналістамі блізкія Кныровіча пакуль не спяшаюцца.

Уладальніка таварыства з абмежаванаю адказнасцю «СарматТэрма Інжынірінг» бізнесоўца Аляксандра Кныровіча абвінавачваюць паводле 2 артыкулаў крымінальнага кодэксу: нясплата падаткаў у асабліва буйных памерах, а таксама даванне хабару. Паводле следства, Кныровіч мінімізаваў уласныя падатковыя абавязкі на суму 3 млн 374 тыс. дэнамінаваных рублёў.

Адразу на пачатку судовага паседжання суддзя Юлія Крэпская адмовіла намесніку дырэктара «Сармату» Ігару Максімаву ў змяненні захады стрымання на падпіску аб нявыездзе, нягледзячы на тое, што ў яго анкалогія.

«Здзівіла, што хворага Ігара Максімава не вызвалілі, навошта трымаць яго ў СІЗА. Трэба было задаволіць (хадайніцтва) і выпусціць яго з-пад варты», – мяркуе праваабаронца Ігар Леднік.

«У яго на твары напісана: годная асоба»

Паводле следства, «Сармат» заніжаў падатковую базу апошнія 5 гадоў. Што да эпізодаў з хабарам, у часе зачытвання абвінавачання гучалі сумы ад 1 да 5 тысячаў беларускіх рублёў. Былы бізнесовец Андрэй Клімаў праводзіць паралелі паміж справаю Кныровіча і тым, як у яго забіралі бізнес. Ён жа заўважае, тыя, хто сведчыць аб атрыманні хабару, самі пазбаўляюцца крымінальнай адказнасці.

«Ніякіх адкатаў гэты чалавек не даваў, бо ў яго на твары напісана: годная асоба. І нават калі будзе вырак, скажу, не веру, бо сам перажыў тры такіх прысуды. А пасля прэзідэнт падпісаў акт аб памілаванні, аказаў мне вялікую міласць», – кажа былы бізнесовец Андрэй Клімаў.

Цяперашняя крымінальная справа ўжо другая для Кныровіча. У 2008 яго ўжо абвінавачвалі ў нясплаце падаткаў, але тады вызвалілі пасля таго, як ён скампенсаваў страту дзяржаве. Не звярнулі ўвагі нават на тое, што Кныровіч праз бізнес-інкубатар дапамагаў распачынаць уласныя справы іншым.

«Разумны, інтэлектуал, я дакладна ведаю, у Штатах ён быў бы нарасхват, як менеджар. Яшчэ час знаходзіў на бізнес-інкубатар», – лічыць Клімаў.

У сектар ЖГК пускаюць толькі сваіх

Паводле следства, адзін з эпізодаў у справе Кныровіча: «Сармат» прапаноўваў працаўнікам камунальных прадпрыемстваў 4 адсоткі ў якасці бонусу ад дамовы на пастаўкі абсталявання для прадпрыемстваў ЖКГ. Зрэшты, камунальная гаспадарка цалкам закрыты бізнес, куды пускаюць толькі сваіх, кажуць эксперты.

«Паколькі дзяржава практычна адзіны пакупнік тавараў і паслуг, якія звязаныя з ЖКГ, зразумела, у чыноўнікаў узнікае спакуса атрымаць нейкі незаконны прыбытак», – кажа юрыст Сяргей Балыкін.

Паводле абвінавачанняў Кныровічу пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі, за кратамі ён знаходзіцца ад студзеня мінулага году.

Справа Аляксандра Кныровіча будзе штодня разглядацца ў судзе Фрунзенскага раёну сталіцы. Да 3 траўня будуць выступаць сведкі, а агалошванне прысуду чакаецца напрыканцы чэрвеня.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»