Аб'ектыў 30.03.2018 Нязграбная параза Азаранкі – ганьба?


Тэніс

Вікторыя Азаранка ўсцяж не ўмее прагульваць. І гэта вельмі бачна. Што зробіш, такі характар. Яна не дала рады прабіцца ў фінал ледзь не хатняга «Прэм’еру» Жаночай тэніснай асацыяцыі ў Маямі, у якім перамагала раней 3 разы, а ў 2009-ым сталася самаю маладою пераможцаю гэтага турніру.

Паўфінал-2018 звёў Азаранку з амерыканкаю Слоўн Стывэнз. І заўзятары адразу ўзгадалі непрывабную гісторыю 2013-га, калі ў паўфінале турніру «Australian open» беларуска нагнала ганьбу на сябе. Тады, не здолеўшы зрэалізаваць пяць матчболаў у гульні з зусім маладою Стывэнз, Азаранка выклікала на корт доктара праз праблемы з дыханнем, але паўза зацягнулася на 7 хвілінаў. Пасля чаго Вікторыя працягнула і амаль адразу давяла матч да перамогі. Пазней яе ўскосна абвінавацілі ў сімуляцыі ды заклікалі пакараць. І ў гэтым матчы са Стывэнз беларуска падкульгвала, трымалася за нагу, нават пакідала корт, але Слоўн на гэта ўжо не купілася. Амерыканка выдатна правяла другую палову двубою, выгуляўшы 3:6, 6:2, 6:1. У фінале амерыканка сустрэнецца з Аленаю Астапенкаю з Латвіі.

Цяжкая атлетыка

Шматпакутны чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы гэтага года ўсё ж адбываецца, насуперак прагнозам, ва ўсталяваныя раней тэрміны. Спачатку яго планавалі правесці ў турэцкай Антальі, аднак самую зборную Турцыі разам з нацыянальнымі федэрацыямі і цяжкаатлетычнымі звязамі Расеі, Арменіі, Азербайджану, Балгарыі, Кітаю, Малдовы, Украіны ды Беларусі адхілілі праз неаднаразовыя парушэнні антыдопінгавых правілаў ад усіх міжнародных спаборніцтваў на год.

Футбол

Усе мячы чэмпіянату свету па футболе – 2018 у Расеі будуць залятаць у польскія брамы. Б(я)з боязі насурочыць, але і не без гонару за высокі ўзровень якасці сваёй вытворчасці абсталявання, як заяўляюць у нашай заходняй суседцы. Брамы вырабляе кампанія з вялікай кашубскай вёскі Хвашчыно, што ў Паморскім ваяводстве, адміністрацыйны цэнтр якога – Гданьск.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: Geoff Burke / USA TODAY Sports / Forum

Глядзі таксама
Каментары