Няпросты год «Белсату»: саджалі ў турмы, адбіралі дзяцей


10 гадоў разам з вамі! І 10 гадоў пад бесперапынным пераследам.

Напярэдадні святаў айчынныя суддзі працягваюць «абдорваць» журналістаў штрафамі за супрацу з «Белсатам».

«Сёння суд Докшыцкага раёну аштрафаваў мяне на сорак базавых велічыняў, а маю калегу на дваццаць пяць за матэрыял, які мы рабілі па тым, як мясцовы актывіст Кастусь Шыталь збіраў подпісы за тое, каб цягнік Менск-Полацк спыняўся ў Параф’янаве. І, дарэчы, гэты збор меў поспех», – падсумоўвае плён недарэмных высілкаў Зміцер Лупач, журналіст-фрылансэр з Глыбокага.

Пастанова суддзі Вячаслава Елісеенкі сталася для Змітра Лупача чацвёртай абвінаваўчай сёлета. Агулам жа за супрацу з «Белсатам» беларускія суды ў гэтым годзе вынеслі больш за 70 рашэнняў не на карысць журналістаў – на суму больш за Br 50 000.

Чаму такія маштабныя рэпрэсіі?

«Узрост ціску на Белсат сёлета, я перакананы, наўпрост звязаны з тым, што ўлады асэнсавалі, што «Белсат» зʼяўляецца адным з вядучых медыяў у Беларусі. Нас глядзяць. І гэта пацвярджаюць вынікі сацыялагічных апытанняў – 30 % беларусаў ведаюць пра Белсат, 12 % глядзяць стала, 80 % з іх давяраюць нашай інфармацыі. Гэта вельмі добры паказнік. Гэта паказнік на ўзроўні асноўных дзяржаўных тэлеканалаў», – даводзіць прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Аляксей Мінчонак.

Апагеем ціску на белсатаўцаў стаўся перыяд веснавых пратэстаў

«Яны выкарыстоўвалі падатковую інспекцыю, гэта быў міліцэйскі ціск і міліцэйскі пераслед у выглядзе пратаколаў. Гэта быў судовы пераслед у выглядзе штрафаў за прафесійную дзейнасць. Былі пагрозы адабрання сына, пастаноўкі сямʼі на ўлік. Былі кампраметуючыя матэрыялы на ўсялякіх «мутных» рэсурсах. Гэта нават былі фізічныя перашкоды да ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці», – скардзіцца гомельская журналістка-фрылансэрка Ларыса Шчыракова.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), 94 % штрафаў паводле адміністратыўных справаў за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ сёлета прыпалі на журналістаў «Белсату».

«Костка ў горле ўладаў»

«Белсат зʼяўляецца косткай у горле для ўладаў. Камера Белстату зʼяўляецца і на народных сходах, і на стыхійных сустрэчаў у школах, якія зачыняюць, у праблемных рэгіёнах, у тых месцах, дзе сапраўды ёсць вельмі балючыя для беларускіх грамадзянаў пытанні. Канешне, улады хочуць прыбраць гэтыя камеры»,– тлумачыць Барыс Гарэцкі, БАЖ.

Імаверна, таму ўвесну ўзнавілі справу пра нібыта незаконнае выкарыстанне таварнага знаку «Белсат» на тэрыторыі Беларусі.

У сакавіку ў сталічным офісе тэлеканалу прайшоў ператрус.

«У межах гэтай справы ў нас была сканфіскаваная тэхніка на агульную суму больш за € 20 тыс. Наш калега Алесь Баразенка апынуўся за кратамі на Акрэсціна», – падсумаваў спадар Мінчонак.

Заўважным для гледача вынікам спрэчкі за лагатып сталася вымушанае закрыццё чорнаю стужкаю назвы нашага тэлеканалу.

«Але не закрыць наш рот. Мы будзем працягваць гаварыць праўду», – упэўненая журналістка “Белсату” Кацярына Андрэева.

Лола Бурыева, «Белсат»