Някляеў заявіў, што яго хочуць давесці да смерці


Пасля пяці содняў арышту на волю выйшаў паэт і палітык Уладзімір Някляеў. На мінулым тыдні каля ўласнага дому яго затрымаў АМАП і прывёз адбываць тэрмін адміністратыўнага арышту за ўдзел у мітынгу амаль трохмесячнай даўніны – «Маршы недармаедаў», што адбыўся ў Менску 17 лютага.

За кратамі Уладзімір Някляеў вершаў не пісаў

Паэту адмовіліся перадаць асадку. Да таго ж яго змясцілі ў камеру з вошамі, не выклікалі хуткую і не выдавалі лекаў па палове дня пры гіпертанічным крызе. Спадар Уладзімір лічыць такія праявы адмысловаю спробаю пашкодзіць ягонаму здароўю.

«Дык вось, калі наступным разам мяне возьмуць, і будзе натуральны смяротны зыход, я хачу, каб ведалі, што гэта не натуральны смяротны сыход! Бо такім шляхам, дарэчы, пазбавіліся ад Карпенкі. Абсалютна гэтакім шляхам: давялі яго да крызу, у яго пасля – інфаркт, і цягалі па ўсім Менску, шукаючы, як бы дзе яго лепш уратаваць. І ён там і застаўся», – б’е ў званы Някляеў.

Сур’ёзныя праблемы з ціскам паэта пачаліся пасля затрымання берасцейскімі памежнікамі напярэдадні Дня Волі. З ізалятару часовага ўтрымання ў Берасці яго з гіпертанічным крызам шпіталізавалі ў гарадскую больніцу.

«Ён у гэтым стане, пра які распавядаў, пасля брутальнага затрымання ў Берасці 24 сакавіка. Тым не менш, калі мяне затрымалі напярэдадні акцыі першага траўня, ён заклікаў людзей выходзіць, прыйшоў на гэтую акцыю, хаця яму было вельмі складана. Ён узначаліў гэтую акцыю і правёў вельмі годна»,– сведчыць палітык Мікалай Статкевіч.

За годную арганізацыю 1-га траўня новую позву Уладзіміру Някляеву ўручылі адразу на выхадзе з турмы. Судовае паседжанне адбудзецца ўжо на наступным тыдні.

Юлія Лабанава, «Белсат»