Няхай вернуць грошы, мы сыдзем. ІП не падзялілі цэнтр «Імпульс» з кіраўніцтвам


Не зважаючы на ўсялякія перашкоды, гандляры цэнтру «Імпульс» сёння працягнулі працу. Бізнесоўцы патрабуюць ад чыноўнікаў пачуць іхны голас.

Летась уладальнікамі цэнтру «Імпульс» сталіся прыватныя кампаніі – «Тапас» і «Магнат Трэйд». Гэтая ўгода вельмі занепакоіла індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ўклалі свае грошы ў будоўлю гандлёвых радоў. Цяпер, калі іх фактычна разам з памяшканнямі перадалі новым уладальнікам, вядзенне гандлю апынулася пад пагрозаю. Не дапамог і суд. Хоць прадпрымальнікі і перамаглі, новыя ўладальнікі знаходзяць усё новыя формы ціску.

«Нас адміністрацыя «Тапасу» запрасіла да сябе, там нам выразна і ясна сказалі, што мы тут стаяць не будзем, яны нас адсюль выжывуць і ўсе вашыя пытанні звяртайце дач «Магнат Трэйду», вы стаіце на нашых тэрыторыях і мы вам працаваць не дамо», – сведчыць прадпрымальнік Андрэй Кудрэвіч.

Гандляры: няхай вернуць грошы, мы сыдзем

Як мяркуюць адмыслоўцы, інтарэсы паміж новымі ўладальнікамі цэнтру «Імпульс» не мусяць уплываць на гандляроў. Дамовы пра арэнду падпісаныя ажно да 2027 года. Аднак кампаніі сваймі дзеяннямі прымушаюць бізнесоўцаў адмаўляцца ад падпісаных умоваў без аніякіх кампенсацыяў.

«Мы не ведаем што яны хочуць, але мы аднаго хочам – мы хочам працаваць. Мы ўклалі грошы, мы плацім падаткі, мы плацім арэнду – мы плацім усё, а нас пакідаюць без працы, мы ўклалі звар’яцелыя грошы, няхай Тапас, Магнат вернуць нам грошы і мы вызвалім памяшканне, я асабіста вызвалю гэты будынак», – даводзіць іпэшніца Ірына Старавойт.

Бізнесоўцы ўжо заявілі, што будуць звяртацца да кіраўніка краіны, у суды і пракуратуру, каб змагацца за свае правы і даказаць незаконнасць такіх дзеянняў з боку новых уладальнікаў гандлёвага цэнтру.

Міхась Слаўнікаў, «Белсат»