Новыя пагоны з рук кіраўніка краіны і БТРэры: міліцэйскі баль падчас крызісу


У цэнтры сталіцы з помпаю адзначылі 100-гадовы юбілей стварэння беларускай міліцыі. Чаго ў гэтым было больш? Дэманстрацыі сілы ці адданасці?

Столькі працаўнікоў міліцыі не траплялі ў абʼектыў «Белсату» бадай ні разу. Больш за тысячу дзвесце ўдзельнікаў параду на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Ад кадэтаў да амапаўцаў, а таксама колішнія ды дзейныя працаўнікі МУС, да якіх прамовіў кіраўнік краіны.

«Захоўваючы традыцыі і досвед, супрацоўнікі міліцыі паспяхова падтрымліваюць узровень правааховы ў краіне», – сказаў Лукашэнка.

Парад міліцыі ды ўрачыстасці адбыліся на фоне рэформы, якая чакае беларускую міліцыю. Плануецца, што неўзабаве скароцяць каля 10 адсоткаў працаўнікоў МУС, пра гэта напярэдадні распавёў міністр унутраных справаў.

«Скарачэнне МУС безумоўна адбудзецца, для гэтага ёсць свае абгрунтаванні і падставы», – заявіў кіраўнік МУС Ігар Шуневіч.

Адметна, што ўрачыстасці суправаджалі і скандалы. Напярэдадні на сем гадоў калоніі пакаралі былога выканальніка абавязкаў начальніка баранавіцкага ДАІ, які збіў насмерць жанчыну. І гэта не адзіны выпадак, які ўплывае на імідж беларускіх праваахоўнікаў. Можна ўзгадаць і падзеі навагодняй раніцы, калі міліцыянт стрэліў у спіну менчуку, ці збіццё міліцыянтамі сляпога ў менскім метро. Менавіта такія выпадкі ўплываюць на давер да міліцыі, а, дакладней, на адсутнасць даверу.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

Не давяраю. Трэба быць разам з народам, а не супраць яго ісці.

У знаёмых было, ні за што кайданкі і ў аддзяленне.

Паўсюль ёсць добрыя людзі і тыя на каго нельга разлічваць. Сустракала як тых, так і другіх.

Айчынная міліцыя стала занадта палітызаваная, і гэта не ідзе на карысць іміджу МУС, распавёў «Белсату» генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб. Апроч таго, ён жа адзначыў і спрэчнасць уласна даты 4 сакавіка.

«Беларускую міліцыю стварылі ў сакавіку 1917 года. Тады пра Беларусь мала хто ведаў, мы былі ў складзе Расейскай Імперыі і святкаваць ад гэтага цяпер не зусім зручна, але гэтую дату вызначалі мы, дэпутаты ВС 12 склікання, што было, тое было», – распавёў генерал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб.

Паводле звестак самога Міністэрства ўнутраных справаў, 65 адсоткаў беларусаў давяраюць міліцыі. Пасля разгрому незалежнай сацыялогіі альтэрнатыўных звестак на гэты конт няма, але апошнія апытанні паказвалі, што міліцыі давярае толькі кожны трэці беларус.

Фота: sputnik.by

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»