Новыя абяцанні для ІП


Сустрэчы паміж прадпрымальнікамі ды ўладамі нагадваюць пакуль не паўнавартасны дыялог, а хутчэй семінар для ІПшнікаў на тэму: «Як вам далей жыць». Гэтак сэнс працоўнай групы пры Мінэканомікі ацэньвае адзін з лідараў гандляроў. Чарговае паседжанне групы сёння скончылася словамі, а не справаю.

Амністыя тавараў, увезеных на тэрыторыю Беларусі да першага студзеня, змены ў правілах сертыфікацыі ды спрашчэнне афармлення суправаджальных дакументаў – такія абяцанні сёння чарговы раз пачулі прадпрымальнікі – удзельнікі працоўнай групы пры Міністэрстве эканомікі, якія трэці раз сабрАліся дзеля развязання крызісу дробнага гандлю.

«48-ы указ прэзідэнта – там мы дасягнулі нядрэнных пазіцыяў. Што будзе прыняты нарматыўны акт, які дасць паслабленне прадпрымальнікам. Можна будзе мець і не арыгіналы сертыфікатаў, і нават не з сінімі пячаткамі, а простыя чорныя копіі сертыфікатаў», – мяркуе прадпрымальнік Анатоль Змітровіч.

Паводле чыноўнікаў, ужо 26-га лютага дакумент будзе апублікаваны на прававым партале і неўзабаве пачне дзеяць. Аднак, як цвердзяць уласна прадпрымальнікі, нават калі абяцанні нарэшце пяройдуць у справы, такія змены не даюць гарантыяў нармальнай працы.

Наступны – ужо чацвёрты – раўнд перамоваў уладаў і прадпрымальнікаў пройдзе 24-га лютага. Паводле бізнесоўцаў, калі колькасць не перарасце ў якасць, сэнсу ад такога дыялогу няма ніякага. Патрэбныя канкрэтныя пастановы.

«Пакуль перамоўны працэс мякка кажучы не адпавядае нашым чаканням. Ён не вырашае нашыя праблемы, – падкрэслівае Анатоль Шумчанка з абʼядання «Перспектыва», – І ўвогуле пакуль яна не падобная на працоўную групу, а хутчэй на нейкі семінар, дзе нас вучаць як далей жыць і працаваць»

Як жыць ды што рабіць, прадпрымальнікаў сёння вучылі і ў Віцебску, дзе на адмысловай сустрэчы з дробнымі гандлярамі чыноўнікі запрапанавалі стварыць яшчэ адну працоўную групу, але большую частку сустрэчы прысвяцілі павучанню – або прадавайце беларускае, або ўладкуйцеся на іншую працу.

Не пайшлі на саступкі і мясцовыя ўлады ў Берасці ды Гомлі, якія сінхронна адмовілі ў правядзенні мітынгу прадпрымальнікаў 19-га і 22-га лютага, адпаведна. Магчыма, спужаўшыся, што нават пакуль нешматлікія мітынгі распаляць вялікае вогнішча пратэстаў.

Калі ўсё ж саступак ІПшнікі не дачакаюцца, варыянтаў для іх няшмат.

«Або мы будзем працаваць нічога не плаціць, і зачыняе свае ралеты перад правяраннем, або будуць прадаваць дома сябрам, знаёмым. Што яны магчыма і робяць ужо», – кажа прадпрымальніца Ірына Яскевіч.

Таму – або пераўтварацца ў нелегальных «фарцоўшчыкаў», або ў афіцыйных беспрацоўных, або працягваць выходзіць на Плошчу.

Юрый Салодкі, «Белсат»