Новы закон аб мітынгах дэпутаты прынялі за 10 хвілінаў


Закон аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, імаверна, зазнае чарговыя змены. Улады падаюць іх як лібералізацыю. Ці стане лягчэй праводзіць тыя ж акцыі пратэсту? І за што прыйдзецца плаціць іх арганізатарам?

Палата прадстаўнікоў імкліва прыняла ў другім чытанні закон «Аб масавых мерапрыемствах» – увесь працэс заняў дзесяць хвілінаў. Ці сапраўды ўсё ў законе гэтак гладка і бясспрэчна?

Закон быў прыняты не толькі імгненна, але і практычна адзінагалосна: супраць прагаласавалі толькі дзве дэпутаткі – Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

«Дэпутаты ў большасці сваёй давяраюць тым ведамствам, якія падаюць законапраект, вераць той камісіі, якая рыхтавала, працавала над зменамі… З другога боку – не задумваюцца, ці ёсць там нешта непрымальнае. І некаторых палохае самая магчымасць прагаласаваць супраць», – кажа дэпутатка Алена Анісім.

Прадстаўнікі ўлады называюць закон лібералізацыяй і перадусім падкрэсліваюць гэта частковым увядзеннем заяўнага прынцыпу правядзення масавых імпрэзаў – трэба будзе толькі паведаміць уладам аб правядзенні акцыі не пазней як за 10 дзён. Аднак дзеяць такі рэжым будзе толькі для спецыяльна вызначаных уладамі месцаў.

«Гэта месцы, куды не ходзяць людзі. І навошта там праводзіць масавыя мерапрыемствы, калі ніхто не бачыць? Для сябе праводзіць? А калі я хачу правесці яго пад МУС, не задаволеная іх палітыкаю, ці каля нейкай дзяржаўнай установы – вядома, што гэтыя месцы не будуць прадугледжаныя ў гэтым спісе, і ніхто гэтага не дазволіць», – адзначае сустаршыня БХД, юрыстка Вольга Кавалькова.

Яшчэ адзін важны момант – стварэнне спісу прадметаў, якія нельга будзе праносіць на акцыі. Арганізатары таксама мусяць аплочваць паслугі міліцыі і хуткай дапамогі, прыбіранне тэрыторыі.

«Я катэгарычна супраць гэтай нормы з той простай прычыны, што ўзнікае пытанне: а за што павінныя плаціць людзі, калі яны ўжо аплочваюць паслугі і медычныя, і міліцэйскія? Міністэрства ўнутраных справаў, якія выконваюць свае абавязкі штодня», – мяркуе Алена Анісім.

Таксама закон прадугледжвае норму, якая забараняе паведамляць пра акцыю ў медыях да моманту атрымання згоды на правядзенне. Да таго ж дадатковыя абмежаванні ўскладаюцца на журналістаў – ад іх патрабуюць пасведчання і знакаў адрознення. А неакрэдытаваным замежным СМІ працу на масавых імпрэзах увогуле забароняць.

«Наш голас таксама будзе гучаць, і мы будзем адстойваць сваю пазіцыю, што гэтых зменаў недастаткова, каб усё ж такі права грамадзянаў на масавыя мерапрыемствы ды правы журналістаў падчас масавых мерапрыемстваў (бо гэтым законам змяняюцца і некаторыя рэчы для журналістаў) таксама былі абароненыя ды не прадаваліся як звышдэмакратычныя змены, – кажа сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

На меркаванне экспертаў, менавіта «прадаць» Захаду гэткія змены ў якасці чарговай лібералізацыі і будуць спрабаваць улады. Аднак такія вонкавапалітычныя рэверансы адгукаюцца як мінімум непаляпшэннем рэальнай сітуацыі са свабодаю сходаў у Беларусі.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»