Новы ўказ Лукашэнкі: легалізацыя «зялёных чалавечкаў» ці звычайная практыка?


Ён абяцаў, што не адправіць жаўнераў на чужыя франты, і парушыў сваё слова. Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект Дамовы паміж Беларуссю і Расеяй аб ужыванні падраздзяленняў спецназу ў контртэрарыстычных аперацыях на тэрыторыі абедзвюх краінаў.

Адпаведны ўказ з’явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Самога праекту дамовы не публікуюць, які канкрэтна спецназ будзе біць тэрарыстаў на беларускай ці расейскай зямлі, не ўказваюць.

Перамаўляцца аб канкрэтыцы і падпісваць спецдамову з Масквою будзе КДБ. Калі дамовяцца, вядома.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Упаўнаважыць Камітэт дзяржаўнай бяспекі на правядзенне перамоваў аб праекце Дамовы, дазволіўшы пры неабходнасці ўносіць у яго змены і дапаўненні, якія не маюць прынцыповага характару».

Для Крамля гэтая дамова – чарговая нітачка, каб прыцягнуць Беларусь, кажа Аляксандр Алесін. Для афіцыйнага Менску карысна юрыдычна аформіць прысутнасць замежных спецслужбаў і скарыстацца расейскім досведам ды інфармацыйна-тэхнічнымі магчымасцямі, мяркуе вайсковы эксперт.

АЛЯКСАНДР АЛЕСІН, ВАЕННЫ ЭКСПЕРТ:

«Магчымасць выкарыстоўваць рэсурсы Расеі для нашых мэтаў гэта плюс».

Гэты праект дамовы – вынік ціску Масквы, шкодны для Беларусі, кажа Віталь Рымашэўскі. Няма ніякіх вонкавых вайсковых і гібрыдных пагрозаў, апроч расейскай. І ёсць пагроза перахопу ўлады, у тым ліку праз спецслужбы і спецназ.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:

«Беларускія спецслужбы і КДБ сёння нельга назваць незалежнымі ад Расеі. Самая небяспечная татальная залежнасць – ідэалагічная залежнасць».

Перспектыва адпраўляць беларускіх кантрактнікаў у чачэнскія і дагестанскія спецаперацыі менчукоў не вельмі радуе.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Навошта Расеі нашыя хлопцы? Сваіх не хапае нібы…».

«Канешне, умешвацца ў іншыя справы, ваенныя канфлікты не варта».

«Дзесьці вайскоўцы мусяць трэніравацца ўсяму гэтаму. Таму будуць адпраўляць».

«Афганістану нам мала?»

«У мяне два сыны расце, і каб маё дзіцё кудысьці ехала ваяваць, то я супраць».

Паводле міжнароднай практыкі, на чужой тэрыторыі спецназ дзее пад мясцовым камандаваннем.

АЛЯКСАНДР АЛЕСІН:

«Калі мы захочам выкарыстаць там нашых снайпераў, нашых байцоў спецназу, то зможам іх выкарыстаць для атрымання баявога досведу».

Але такі баявы досвед можа абярнуцца супраць Беларусі, зрабіць нашую краіну мішэнню для радыкальных ісламістаў. З іншага боку, калі казаць пра снайпераў, задакументаваныя факты, што падчас Еўрамайдану расейскія спецназаўцы былі сярод тых, хто расстрэльваў пратэстоўцаў. Ёсць звесткі, што тады яны стралялі і па ўкраінскіх сілавіках, каб яшчэ больш раскруціць махавік гвалту. А потым быў Крым і Данбас.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:

«Мы бачым на прыкладзе Украіны калі, магчыма, інспіраваны з Усходу ўнутраны канфлікт пасля выкарыстоўваецца дзеля ўвядзення войскаў спецпрызначэння, дзеля акупацыі тэрыторыі, дзеля фактычна ўзброенай інтэрвенцыі».

Паводле незалежных экспертаў, праект спецдамовы з Масквою – вынік лабісцкай дзейнасці часткі беларускіх сілавікоў з прарасейскімі поглядамі ды інтарэсамі. Падзея супала ў часе з прагнозамі расейскіх экспертаў ды выказваннямі парталаў імперскай скіраванасці, што Захад рыхтуе для Беларусі гэтак званы «украінскі сцэнар».

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: rusvesna.su