Эканаміст пра новы план уладаў: «Гэта горшае, што можна прыдумаць»


Беларускі ўрад распрацаваў план нарошчвання экспарту ў Еўразвяз на наступныя тры гады. Згодна з ім продажы нашых тавараў у краіны Аб’яднанай Еўропы павінны расці на $ 300-350 мільёнаў штогод і ў 2020 годзе павінны скласці $ 6,244 млрд.

«У нас была раўнаважная сітуацыя. Па 35 % экспарту – Расея і ЕЗ, астатняе краіны СНД і рэшта свету. Была добрая канфігурацыя, зараз яна пачала ламацца, таму чыноўнікі і прыдумляюць як бы вярнуцца да сітуацыі нулявых, дзясятых гадоў», – звяртае ўвагу эканаміст Леанід Заіка.

Нафтагазавая ігла

Галоўным драйверам росту Савет міністраў вызначыў »Белнафтахім«, які мусіць прынесці палову экспартавага прыбытку. Летась з-за нафтагазавай спрэчкі паміж Менскам і Масквой а таксама з-за падзення сусветных коштаў на нафту Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў на суму ў 40 % меншую, чымся пазалетась.

У 2018 годзе«Белнафтахіму» трэба прадаць пад $ 2,82 млрд, у 2019-м амаль $ 3 млрд, а ў 2020-м яшчэ на $ 150 мільёнаў болей.

«Да 40% Беларускага экспарту гэта былі нафтапрадукты, што згуляла трагічную ролю для беларускай прамысловасці і псіхалогіі. Гэта лёгкія грошы, якія як прыходзілі, так і зыходзілі. Што тычыцца праграмы павелічэння экспарту нафтапрадуктаў у Еўразвяз гэта горшае, што можна прыдумаць», – упэўнены спадар Заіка.

Другім лакаматывам экспарту стане айчыннае міністэрства прамысловасці

Якое з кожным годам мае прадаваць у Еўразвяз на 15 % прадукцыі больш, чымся ў папярэдні год. Гучыць прывабна, але як сведчаць лічбы Даследчага цэнтру «ІПМ», доля высокатэхналагічнага прадукту ў Беларускім экспарце складае мізэрныя 3 %, доля ж сярэднетэхналагічных скарачаецца з кожным годам. Летась гэта была толькі траціна ад экспарту тавараў прамысловасці.

«З ЕЗ зараз трэба не пра гандаль думаць а пра выхад на новы тэхналагічны ўзровень. Пра такія рэчы як IT, 3D друк, электратранспарт, робаты. Займіцеся лепш тэхнічным станам нашых прадпрыемстваў, калі будзе моцная тэхніка, у нас яго будуць набываць. Не трэба планаў па нарошчванню экспарту, не трэба ніякіх планаў», – упэўнены Леанід.

Саўмін мае іншыя планы

Бліжэйшым часам урад вызначыць чыноўнікаў адказных за выкананне планавых паказчыкаў. Варта будзе запомніць іх імёны, а праз некалькі год праверыць, наколькі гэтыя вясёлкавыя планы спраўдзіліся.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Simanovsky Albert / ITAR-TASS / Forum