Новая хваля рэпрэсіяў, каб заткнуць раты незалежных журналістаў


Беспадстаўныя дагляд, кантроль, пераслед міліцыянтамі, а пасля суды і непамерныя штрафы. Гэтак выглядаюць працоўныя будні гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага. Большых фінансавых пакаранняў, чым ён, у краіне не атрымліваў, бадай, ніводзін фрылансер. Кастусь здымае і крыўду вяскоўцаў, і абурэнне беспрацоўных, разбазарванне дзяржаўных грошай і бясчынствы ўладаў. Апошнія ў сваю чаргу не скупяцца на пакаранні журналіста за паказаную ім праўду.

Cёння Кастуся пакаралі на мытні максімальна магчымым штрафам

Br 1150 пакарання наклалі за фотаздымак, зроблены напрыканцы красавіка ў боксе дагляду на пункце пропуску «Новая Гута». Кастусь тады суправаджаў бацькоў Міхася Жызнеўскага, якія вярталіся з Кіева, і на радзіме ім зладзілі 2-гадзінны паглыблены дагляд.

«Мяне пакаралі не за тое, што я фатаграфаваў мяжу, у мяне сотні такіх здымкаў, у інтэрнэце іх вельмі шмат, а менавіта за тое, што я паказаў факт здзеку з бацькоў Героя Украіны Ніны Васільеўны і Міхаіла Пятровіча Жызнеўскіх», – тлумачыць нефармальную прычыну пераследу Кастусь Жукоўскі.

Пераследуюць улады і магілёўскіх журналістаў

Уладзіміра Лапцэвіча – карэспандэнта агенцтва БелаПАН, які таксама піша і для беларусаў у Польшчы – у штотыднёвіку «Ніва» спрабуюць абвінаваціць у незаконным вырабе і распаўсюдзе медыяў ды адсутнасці акрэдытацыі.

«Сутнасці прэтэнзіяў я не разумею – незаконны распаўсюд прадукцыі СМІ. У нас можна і да слупа прэтэнзіі мець. Тым больш, што я пазаштатны аўтар гэтага выдання, і ў Беларусі пра гэта ведаюць тыя ворганы, якім трэба, я маю на ўвазе падатковую інспекцыю», – зазначыў Уладзімір Лапцэвіч.

Падобны працэс распачалі і ў адносінах журналісткі з Магілёва – Аліны Скрабуновай

Гэтым разам – за супрацу з Белсатам. Праваабаронцы лічаць гэта кампаніяй уладаў па затыканні ртоў незалежнай прэсе.

«Артыкул 22/9 КОАП абсалютна не тычыцца журналістаў. Па-першае, яны не вырабляюць прадукцыю СМІ. Што тычыцца Уладзіміра Лапцэвіча – ён пазаштатны карэспандэнт, а акрэдытацыя патрэбная толькі для штатных журналістаў. Тут яўнае парушэнне заканадаўства», – упэўнены праваабаронца Барыс Бухель.

Правяранне ў адносінах да журналістаў вядзецца далей. На наступным тыдні іх ізноў запрашаюць у РАУС.

Вольга Старасціна, «Белсат»