Новая гандлёвая вайна? Масква і Менск не падзялілі памідоркі


Арыштаваць! Такім, відавочна будзе наступны загад Рассельгаснагляду. Расейская санітарная служба зрабіла беларускаму боку ўжо другое папярэджанне за рээкспарт турэцкіх таматаў. Анкара з-за накладзеных на яе Масквою летась эканамічных санкцыяў не можа экспартаваць прадукцыю на расейскі рынак.

Беларусь жа… карыстаецца сітуацыяй

«Канешне, гэтая схема працуе: таматы з Турцыі імпартаваліся дзеля таго, каб потым трапіць на расейскі рынак. Бо інакш немагчыма патлумачыць лічбу, што з 2012 года ў 12 разоў павялічыўся імпарт таматаў з гэтай краіны. Што, мы сталі ў 12 разоў больш іх есці?», – кажа Аляксандр Ярашук, былы куратар сельскай гаспадаркі Менаблвыканкаму.

Эксперты сумняваюцца ў гэткіх спажывецкіх здольнасцях беларусаў, але акурат гэтым беларускі бок тлумачыць павялічаныя сёлета закупкі турэцкіх таматаў.

Гэтак, дырэктар Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі насенняводства, каранціну і абароны раслінаў Аляксандр Піскун распавёў Рассельгаснагляду, што гэта беларусы ядуць турэцкія памідоры, а нашыя, беларускія ідуць на расейскі рынак.

Жыхары Беларусі кажуць адваротнае

«Я набываю канешне ж беларускія. Хаця яны бываюць і даражэй».

«Канешне, беларускія ясная справа».

«Мы да свайго прызвычаіліся, на смак добрыя. Усё натуральнае».

«Беларускія канешне ж… больш падабаюцца, да таго ж мясцовыя».

– падзяліліся мінакі.

Не падтрымліваюць жыхары нашай краіны і мудрагелістай схемы беларускіх уладаў: нам – замежнае, за мяжу – нашае.

«Памідоры ва ўсялякім выпадку хай нашыя будуць, а не турэцкія».

«Гэта нонсэнс, у нас сваіх хапае, не трэба закупаць».

«Канешне няправільна, нашае беларускае яно лепшае. Свая прадукцыя хай у сябе будзе заўсёды».

«У сваёй краіне павінныя прадаваць свае памідоры, прадукты».

– пачулі ад берасцейцаў журналісты »Белсату«.

Турэцкія памідоры пад відам беларускіх трапляюць у Расею

Дасведчаныя фітасанітары гэта і без лабараторыі бачаць.

Перапрадаваць выгадна для беларускага бюджэту, але не для іміджу. Парушэнне ўведзеных Расеяй санкцыяў можа абярнуцца санкцыямі для беларусаў.

«Гэта той выпадак, калі не трэба браць і лічыць грошы, якія мы заробім на такіх авантурах, таму што для любой дзяржавы страта іміджу гэта, напэўна, галоўная пагроза», – даводзіць спадар Ярашук.

Як пэўную пагрозу можна ўспрымаць і просьбу Рассельгаснагляду да беларускага боку даць інфармацыю пра ўраджайнасць таматаў ды іх запатрабаванасць у беларускага пакупніка. Але айчынныя чыноўнікі згадзіліся, бо што-што, а справаздачыцца і «правільна» падлічваць у нашай краіне ўмеюць.

Вольга Старасціна, «Белсат»