Ночы без гарэлкі. Беларусы ўжо не самыя пітушчыя


Начнікі апусцеюць, а чэргі ў крамах паміж 10-й і 11-й гадзінай вечара вырастуць у некалькі разоў… Чаго яшчэ чакаць ад абмежавання продажу алкагольных напояў?

Адказваюць жыхары Менску:

«Я як ведаю, у Серабранцы каля гіпераў прадаюць бабкі… Так што нічога гэта не прынясе».

«Ну канечне. Людзі паступова будуць прывыкаць да гэтага. Галоўнае да гэтага ісці».

«Я, напрыклад, не злоўжываю. Але як толькі захочацца пасядзець і выпіць у кампаніі – коштавы фактар тут аніяк не ўплывае. Чалавек заўсёды знойдзе».

Забарона на продаж спіртнога ўначы ў сталіцы пачне дзеяць 1-га кастрычніка і меркавана прадоўжыцца адзін год, каб палепшыць здароўе насельніцтва і перамагчы п’янства. Але пытанне, ці радуюцца такому рашэнню ў Міністэрстве аховы здароўя? Апошні раз гэткая захада гарвыканкаму трывала толькі два месяцы, і Лукашэнка публічна мусіў адкручваць назад праз пагрозу стратаў у дзяржаўным бюджэце. А ад яго залежаць заробкі тых жа медыкаў.

Павел Канавальчык, «Піўная Газета»:

«Ну і адпаведна крымінагенная сітуацыя толькі павялічыцца. Таму што калі кантрафактны алкаголь, то і махлярствы могуць быць, і бойкі. Толькі ўскладніць гэтую сітуацыю».

Праўда, пакуль такія эксперыменты ў іншых рэгіёнах сацыяльных катаклізмаў не прынеслі. Дый агулам, паводле даследчыкаў Усясветнай арганізацыі здароўя, за апошнія гады беларусы з самых пітушчых нацыяў зрабіліся сярэднячкамі. Няўжо захады працуюць?

Вольга Кавалькова больш за пяць гадоў каардынуе грамадскія антыалкагольныя кампаніі. Апроч начных абмежаванняў, дзее жорсткі закон аб рэкламе, і на чарзе абмежаванне месца продажу моцных напояў – калі ў крамах, то выключна ў закрытых аддзелах. Але адных забаронаў – недастаткова. Вольга Кавалькова, Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

«Трэба палепшыць эканамічны стан семʼяў, каб яны бачылі выйсце з цяжкіх сітуацыяў. Таксама трэба палепшыць інфраструктуру для баўлення часу з дзецьмі».

У іншых еўрапейскіх краінах найчасцей дзее цэлы комплекс механізмаў супрацьдзеяння алкагалізму, і асноўны з іх – коштавы. Нарвежцы пʼюць найменш, бо бутэлька гарэлкі каштуе 30 еўраў. У італьянцаў абмежаванняў мінімум, але змяніўся лад жыцця – цяпер для пары келіхаў віна за абедам апенінцы элементарна не маюць часу праз шчыльнейшы расклад жыцця. Калі кідае піць беларус? На жаль, у выніку бізуна, а не перніка – канстатуюць псіхолагі. Алена Гурына, псіхолаг:

«У першую чаргу ў выніку сямейных складанасцяў. Часта на лячэнне прыходзяць тады, калі іхныя сужэнцы падаюць на развод. Менавіта, калі не пагражаюць – а падаюць».

І для дзяржавы тут выбар складаны – здаровая сям’я, для будучай здаровай эканомікі, ці мільярд долараў ужо ў сёлетні бюджэт? Менавіта столькі дзяржава зарабіла летась на алкагольных акцызах.

Алесь Залеўскі, belsat.eu