Аб'ектыў 07.07.2018 Ноч паэзіі ў купалаўскую ноч зладзіў Купалаўскі тэатр


Не толькі вядомыя майстры слова, але і маладыя, амаль не вядомыя шырокай публіцы паэты чыталі свае вершы ў цэнтры беларускае сталіцы.

«З аднаго боку, прывязка да нашых традыцыяў. З іншага – прывязка да нашага вялікага тэатру – Купалаўскага. Паэтычнае купалаўскае чытанне падчас Купалы ў тэатры Купалы. А з іншага боку – гэта пленэр, гэта паэтычная тэраса-кавярня: чалавек можа прайсці міма, пачуць паэтычнае слова і ўліцца», – кажа паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

І гледачы ўліваліся, прыходзячы на свята сем’ямі.

Наведнікі імпрэзы:

«У мяне, напэўна, не самая звычайная нагода – мая дзяўчына выступае».

«Наагул я першы раз, хоць і чула, што фестываль быў у мінулым годзе. Мне вельмі спадабалася. Вельмі задаволеная, што дачка адшукала інфармацыю».

«Вельмі прыемна, што такі вечар можна правесці ў кампаніі вельмі добрых беларускіх паэтаў».

«Ёсць магчымасць артыстам выступіць, слухачам – паслухаць, гэта вельмі важна. Гэта і робіць горад горадам».

А паслухаць на тэрасе кавярні «Аўстэрыя Уршуля» сапраўды было каго – на імпрэзе выступілі вядомыя беларускія паэты Андрэй Хадановіч, Віктар Жыбуль, Віталь Рыжкоў, спявачка Кася Камоцкая, пісьменнік Уладзімір Арлоў ды шмат іншых.

«Я хачу, каб гэтая ноч стала штогадовай, каб збіралася тут усё больш і больш публікі. Хаця яе тут і нямала», – кажа гісторык ды пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Адмыслова для гэтага незвычайнага свята, а таксама ў гонар дня народзінаў народнага паэта Беларусі Купалаўскі тэатр зрабіў падарункі сваім гледачам, узычыўшы 30-ціадсоткавую зніжку амаль на ўсе спектаклі. Квіткі з прамацыйным коштам можна набыць у касах і на сайце тэатру да 12-га ліпеня ўключна.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары