3,5 млн беларусаў жывуць за межамі радзімы, і гэта магутная сіла. З такімі словамі на традыцыйным, ужо сёмым, Зʼездзе беларусаў замежжа выступіў міністр замежных справаў Уладзімір Макей.
«У кожнага з нас свой погляд на жыццё, свой погляд на развіццё краіны, і гэта я лічу нармальным. Я не збіраюся заклікаць вас тут спяваць нейкія панегірыкі ўладзе», – адзначыў міністр.
Але мэта ўва ўсіх адна, заявіў Макей, – працаваць на ўмацаванне незалежнасці Беларусі. Больш цесную супрацу з уладамі на карысць Бацькаўшчыны дэлегаты падтрымліваюць, хоць і ставяцца да афіцыйнага Менску і яго замежнай палітыкі з асцярожнасцю.
«Я вельмі баюся, што гэты рух да незалежнасці вельмі тэрміновы, і як толькі нешта, то ён адразу павернецца ў іншы шлях. І гэта боль. Таму мы падтрымліваем грамадскія арганізацыі», – кажа скарбнік Згуртавання беларусаў Канады Валянціна Шаўчэнка.
У зʼездзе бяруць удзел беларусы з 20 краінаў свету – з Расеі, Украіны, Літвы, Польшчы, Канады. Агульная колькасць заяўленых дэлегатаў – больш за 300 чалавек.
«Калі будзе жыць Беларусь, тады будуць жыць і тыя людзі па-за межамі Беларусі. Самае галоўнае, каб Беларусь была беларуская», – мяркуе Яўген Вапа, старшыня Беларусага саюзу ў Польшчы.
Арганізатары зʼезду, Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», цешацца як з прадстаўнічасці сёлетняй сустрэчы, гэтак і з цікаўнасці да падзеі беларускіх міністэрстваў.
Вось што кажа старшыня Рады ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская:
«За апошні час адбываецца паступовая змена стаўлення і разумення, што ёсць дыяспара для Рэспублікі Беларусь. Што гэта не проста людзі, якія маюць этнічныя карані, ці эмацыйную прывязку, а гэта паўнавартасны партнёр у развіцці».
Апроч важнасці супрацы з беларускім замежжам, праект выніковай рэзалюцыі зʼезду ў першую чаргу падкрэслівае галоўную праблему ўласна самой Беларусі – неабходнасць захавання і пашырэння ўжытку беларускай мовы.
«Школы ў самой Беларусі павінныя мець перавагу беларускага навучання, ВНУ павінныя мець перавагу беларускага навучання, чыноўнікі павінныя размаўляць выключна на беларускай мове», – упэўнены Алег Рудакоў з Беларускага руху ў Прыбайкаллі.
Падчас свайго выступу Уладзімір Макей запэўніў, што афіцыйны Менск будзе наладжваць добрыя дачыненні з усімі беларусамі замежжа. Але праблемы паказалі сябе яшчэ напярэдадні: архіепіскапа Святаслава Логіна, які жыве ва Украіне, не пусцілі ў нашую краіну ў пункце пропуску Новая Гута. Справу развязалі з дапамогаю ўмяшання таго ж Макея, святар зноў паспрабуе трапіць у Беларусь сёння.
«Нібыта пускаюць, але яшчэ іду на вакзал у горадзе Чарнігаў, буду толькі позна пераканаць мяжу», – распавёў «Белсату» Святаслаў Логін.
Сам архіепіскап, якому закрыты ўезд у Расею, забарону звязвае з дамоваю паміж Беларуссю і нашаю ўсходняю суседкай аб супольных «чорных спісах» на ўезд. Пра такія аспекты незалежнасці міністр Макей у сваёй прамове не згадваў.
Таццяна Рэут, belsat.eu