«Ніхто не прыйдзе і не зробіць – трэба самому». Стаў вядомы лаўрэат прэміі Быкава


Адзінаццатым лаўрэатам прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» стаўся нястомны руплівец на ніве беларушчыны і наш калега, вядоўца праграмы «Кожны з нас» на «Белсаце» Глеб Лабадзенка.

Уручэнне прэміі традыцыйна адбылося на радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі на Ушаччыне.

«Ну, кожны з нас – як называецца наша праграма ў нас на «Белсаце» – можа нешта зрабіць для Беларусі. І трэба гэта памятаць. Бо вельмі часта людзі ў нас вешаюць нос і кажуць: «Ад мяне нічога не залежыць. Ну што я? Я маленькі шэры чалавек! Не буду! Трэба чакаць, калі нехта прыйдзе і зробіць нам». Ужо ясна, што не прыйдзе і не зробіць! І вось так трэба сесці, патрэсці галавой і сказаць: а што я магу зрабіць?», – кажа Глеб Лабадзенка.

У часе ўзнагароджання Глеб Лабадзенка адзначыў, што «генералаў шмат, а вось салдатаў – не хапае». Што ж да ўласнага даробку нашага калегі, то ягоную шматгадовую самаахвярную дзейнасць на карысць Бацькаўшчыны можна пералічваць і пералічваць.

«Глеб сам мае адзін з найлепшых лірычных талентаў. Разам з тым не шкадуе месяцаў і гадоў жыцця на выданне кніжак нашай класікі, на прамоцыю беларускай культуры, на вядзенне курсаў «Мовы нанова», на ўшанаванне нашых класікаў помнікамі і шыльдамі», – кажа паэт Андрэй Хадановіч.

Цікава, што, каму даць прэмію, вызначаюць ранейшыя лаўрэаты, сярод якіх – і творцы, і палітыкі, і грамадскія дзеячы.

Зміцер Дашкевіч, леташні лаўрэат узнагароды, лічыць, што беларускае грамадства знаходзіцца ў стагнацыі, а беларусы жывуць у чужой дзяржаве – «у дзяржаве, дзе ў нас забралі сцяг, герб і мову, дзе ў нас няма нічога свайго».

«Гэткія прэміі тым больш важныя, бо яны дэманструюць, падкрэсліваюць, што ў патрыятычнай справе ёсць людзі вартыя, ёсць перамогі і ёсць пераможцы», – заявіў Дашкевіч.

Прэмію імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» заснаваў у 2008 годзе Аляксандр Мілінкевіч. Тагачасны лідар руху «За свабоду» выдаткаваў на яе атрыманую Сахараўскую прэмію. Між тым ужо другі год арганізатары маюць праблемы з фінансаваннем, а таму збіраюць неабходныя грошы талакою. Сёлета ініцыятыву літаральна выратаваў заснавальнік парталу TUT.BY Юрый Зісер, праспансаваўшы яе амаль напалову. Разам з гэтым арганізатары запэўніваюць: прэмія будзе жыць надалей ды развівацца!

«Яна ўжо, у пэўным сэнсе, народная, таму што фінансаванне народнае, а не нейкага спонсара-донара. І мы хацелі б на наступны год паспрабаваць, каб даваць прэмію не толькі паводле галасоў журы, але таксама зрабіць народнае галасаванне ў інтэрнэце і спалучыць думку больш прафесійных людзей і думку народу», – кажа Аляксандр Мілінкевіч.

Бо як няма нічога важнейшага за свабоду, гэтак няма нічога лепшага за ўдзячнасць народу.

Валеры Руселік