«Невыносна жыць». Крах аграгарадкоў. Што з імі не так?


Дабрацца да ўласнага дому жыхарка Калодзішчаў Галіна Ярашэвіч можа толькі ў гумавых ботах. Кожны паход у краму для яе выпрабаванне, бо ісці даводзіцца праз лужыны і бруд. Асфальтавання кавалку дарогі на перасячэнні вуліцаў Акольнай і Падгорнай тутэйшыя жыхары чакаюць ужо 20 гадоў.

Раней сям’я Ярашэвічаў кожную вясну рамантавала дарогу

Цяпер засыпаць ямы самастойна ім не дазваляе здароўе. Галіна – інвалід другой групы. Ейны муж Уладзімір пасля інсульту атрымаў першую групу інваліднасці ды сам не падымаецца з ложку.

«Мужа завезці – раней можна было пад’ехаць да каліткі, яго на вазку вывозілі, да зубнога вазілі, ці ў паліклініку па неабходнасці можна было неяк, а цяпер машына не праходзіць», – скардзіцца Галіна.

Не можа пад’ехаць да дому і аўтамабіль хуткай дапамогі

А праз адсутнасць вулічнай сістэмы водаадводу, залівае не толькі вуліцу, але і гараж ды сутарэнне ў доме Ярашэвічаў.

На паперах усё прыгожа. У рэальнасці – гармідар

Электрычнасць, газ, водаправод, транспартнае злучэнне і сувязь з горадам і, вядома ж, асфальтаваныя дарогі – камунікацыі, якія мусяць быць гарантаваныя ў аграгарадку, да якога адносяцца і Калодзішчы. На практыцы на якасць дарогаў тут скардзіцца шмат хто.

«Тут трэба апранаць балотныя сапагі для таго, каб прайсці».

«Ну невыносна жыць і бачыць гэты бруд вакол. Вось гэта Арэхавая – гара вялікая. Як толькі настаюць маразы і галалёд, не падняцца».

«У мяне нявестка, у яе двое малых дзяцей, з каляскай не прайсці і не праехаць. Машыны застаюць. Гэта нармальна? І калі гэта ўсё будзе зроблена?»

З гэтым жа пытаннем у мясцовы сельсавет неаднаразова звярталася і Галіна Ярашэвіч, аднак даты, на якую запланаваны рамонт, гэтак і не пачула. Маўляў, на асфальтаванне часткі дарогі па вуліцы Акольнай у бюджэце няма грошай.

Юлія Лабанава, «Белсат»