Несправядлівыя жыроўкі давялі гомельцаў да галадоўкі


Грэблівае стаўленне чыноўнікаў давяло да адчайнага кроку. Гамяльчанка Аксана Філіпенка гадамі дабівалася падпісаць дамову на пастаўку электраэнергіі. Жанчына звярталася ў жыллёва-камунальныя службы, гарвыканкам і нават пракуратуру – усё бессэнсоўна. На знак пратэсту супраць дзеянняў чыноўнікаў КЖРЭУП «Цэнтральнае» яна распачала галадаванне.

«Іншага выйсця проста няма. Яны проста людзей не пачуюць. Можа гэта… Магчыма, калі я памру, пойдзе рэзананс», – з адчаем кажа Аксана Філіпенка.

Праблеме не першы год

Жыхары гомельскага дому на вуліцы Урыцкага 14 хочуць мець асабісты рахунак, каб кожны мог плаціць за электрычнасць згодна з паказнікамі лічыльніка. Людзі патрабуюць, каб ім дазволілі падпісаць дамову. Аднак чыноўнікі ўпарта адмаўляюць у гэтай, здавалася б, звычайнай працэдуры.

«Чаму гэтае элементарнае пытанне не вырашаецца 10 гадоў? У нас гэтага тлумачэння няма, мы яго не чуем, хоць мы яго задаем», – звяртае ўвагу Аксана.

Спадарыня Філіпенка ўжо 6 гадоў не плоціць за святло

Адметна, што электрычнасці ёй дасюль не адключылі. Жанчына настойвае, каб іхны дом перадалі на баланс «Гомельэнерга», якое б дасылала справядлівыя жыроўкі і адказвала б за бяспеку праводкі.

Суседзі Аксаны Філіпенкі падтрымліваюць адчайныя захады жанчыны і нават гатовыя пайсці за ейным прыкладам.

«У нас, напэўна хутка ўсе так будуць рабіць. Мы хутка таксама будзем сядзець на галадоўцы, бо гэта проста невыносна. Так як яны смяюцца і здзекуюцца, мне, маці двух дзяцей яны смяюцца ў твар», – абураецца Алена Грынько, суседка Аксаны.

Абураныя жыхары дадаюць, што чыноўнікі парушаюць заканадаўства аб правах спажыўцоў. Такую ўпартасць і нежаданне выканаць патрабаванне людзей гомельцы звязваюць з імавернаю наяўнасцю карупцыі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»