Нерэнтабельны маршрут: ва Украіну толькі раз на тыдзень


Камарын – самы паўднёвы пасёлак Беларусі. Да Гомля – 155 кіламетраў, а вось да ўкраінскага Чарнігава – усяго шэсцьдзесят. Не дзіўна, што мясцовыя жыхары, калі трэба выбрацца па закупы, аддаюць перавагу «замежнаму падарожжу». Аднак апошнім часам зрабіць гэта ўсё цяжэй: электравік, што ідзе да Чарнігава, пачаў курсаваць усяго раз на тыдзень. Камарынцы перажываюць, што адзіны чыгуначны шлях ва Украіну могуць зусім адмяніць.

Ездзіць з Камарына ў Гомель і далёка, і даражэй: квіток у два бакі каштуе 28 рублёў. А вось да ўкраінскага Чарнігава – усяго 6. Для гаманца розніца адчувальная, кажа пенсіянерка Зінаіда Маневіч.

«У Гомель – 200 км туды, 200 адтуль. А там яшчэ і пахадзіць трэба! А мне ўжо і ўзрост не дазваляе ўвесь час туды-сюды ездзіць. А тут мы купіць нічога не можам. Брагін – такая ж шарага, як і тут, Хойнікі таксама. А туды [у Чарнігаў] з’ездзім – 60 км усяго, набудзем там усё, што хочаш», – распавядае жыхарка пасёлку Зінаіда Маневіч.

Мясцовыя карыстаюцца станцыяй «Ёлча» – адзінай на тэрыторыі нашай краіны, якую абслугоўвае замежная чыгунка. Па Беларусі праходзіць прыкладна 20-кіламетровы адцінак украінскай чыгункі. «Укрзалізныці» ён патрэбны для таго, каб з гораду Славуціч на Чарнобыльскую АЭС мог курсаваць наўпроставы цягнік з работнікамі станцыі. Дарогу будавалі яшчэ ў час СССР і не сталі абгінаць мяжу суседняй рэспублікі. Новы ж расклад электравіка замінае не толькі «шопінгу». Шмат хто мае родзічаў па абодва бакі мяжы.

«Раней хадзіла [электрычка] у пятніцу ўвечары: ехалі людзі, дапамагалі родзічам ды ў нядзелю ўвечары з’язджалі дадому. А цяпер ходзіць толькі ў суботу: раніцай прыедзь, увечары з’едзь. А што за дзень можна паспець зрабіць?», – кажа Ганна Монік, жыхарка Камарына.

Змена раскладу – ініцыятыва ўкраінскага боку

Пра гэта кажуць прадстаўнікі Беларускай чыгункі. Для «Укрзалізныці» гэта нерэнтабельны маршрут.

«У красавіку ходзіць па суботах, а як будзе далей, невядома. Будзе хадзіць, але як і калі, пакуль не ведае ніхто. У мяне такіх звестак няма», – паведаміў начальнік чыгуначнай станцыі «Ёлча» Мікалай Мішчанка.

Нявызначанасць з раскладам спараджае чуткі пра адмену чыгуначнага спалучэння. «Электрычка нам патрэбная!» – усе як адзін кажуць жыхары Камарына. Абыякавых у гэтым пытанні ў пасёлку няма.

Апошні на сённяшні дзень электравік маршрутам Ёлча – Чарнігаў ад’ехаў 28 красавіка. Ці паедзе ён у наступную суботу, пакуль невядома.

Міхась Ільін, «Белсат»