Інвалідам Мікалая Крычко зрабіў пʼяны міліцыянт. А «сацыяльна арыентаваная» дзяржава выдзеліла пенсіянеру пратэз, якім карыстацца немагчыма. І не дала дастатковай пенсіі для набыцця лекаў ці новага пратэзу. Герой пінскай акцыі «недармаедаў» ад учора мае рахунак, куды можна пералічыць грошы.
Увесь час пенсіянер спрабуе сабраць грошы на пратэз. Але пакуль незалежныя медыі не заўважылі яго на Маршы недармаедаў 11-га сакавіка ў Пінску, пра ягоную праблему мала хто ведаў.
«Я нават не думаў, што буду выступаць. Мяне запыталі пра дэкрэт трэці ці шосты, які ён там. Я кажу што я пенсію атрымаў, дэкрэты мяне не цікавяць увогуле. Але маленькая пенсія, я не магу на пратэз сабраць грошай», – распавядае спадар Крычко.
Нагу Мікалай Крычко страціў ужо на пенсіі, у 2003-ім, калі на рыбалцы на яго напаў п’яны палкоўнік міліцыі. Пінчук адмовіўся везці яго сваёй машынаю.
«Зараджае 2 патроны і кажа: пайду пастраляю колы, ты нікуды не паедзеш. Я думаю – стану ля машыны, не будзе ж ён страляць па чалавеку. Іду ўнізе, а ён з горкі страляе і перабівае нагу мне», – дзеліцца перажытым пенсіянер.
Мікалай Крычко атрымаў другую групу інваліднасці і з таго часу ходзіць на мыліцах, бо пратэзы, што бясплатна даюць у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, вельмі нязручныя.
Важыць такая прылада больш за 10 кілаграмаў і прыстасаваная да нагі вельмі кепска. Таму Мікалай амаль адразу пачаў збіраць грошы на імпартны пратэз – зручнейшы і ўтрая лягчэйшы. Але кошты на яго раслі значна хутчэй, чымся магчымасці пенсіянера.
Пасля трансляцыі ў інтэрнэце акцыяў пратэсту газета «Беларусь сегодня» прысвяціла спадару Мікалаю артыкул, у якім, зрэшты, выказала сумнеў у праўдзівасці ягонай гісторыі. Што праўда, знайсці пенсіянера журналісты нібыта не здолелі. Затое знайшоў яго гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка і дапамог стварыць адмысловы рахунак для збору грошай на пратэз.
Першыя сродкі ўжо пачалі паступаць на рахунак. Паводле папярэдніх падлікаў, пратэз можа каштаваць Br 2000-2500. Дакладную суму Мікалай Крычко даведаецца ў навукова-даследчым інстытуце транспланталогіі, дзе ён ужо замаўляе новы пратэз.
Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: Радыё Свабода