Аб'ектыў 04.04.2018 Нечаканы паварот на чэмпіянаце Беларусі па хакеі


Хакей

Сёння чакаўся чарговы чэмпіён Беларусі па хакеі з шайбаю. Гарадзенскі «Нёман» вёў у супрацьстаянні з менскім «Юнацтвам» 3:1, атрымаўшы адную хатнюю і дзве выязныя перамогі. І, вярнуўшыся на эйфарыі ў свой горад, ужо загатаваў шампанскае і салют. Падвезлі і Кубак прэзідэнта. Але хутка слова сказваецца ды не хутка справа робіцца.

Як паведамляе відавочца, наш карэспандэнт Аляксандр Баразенка, «Юнацтва» сёння пераўтварылася і проста пільна гуляла ў абароне. Дапамагаў брамкар Дзмітрый Мільчакоў. Скарыстаўшыся тым, што гаспадары не надта актыўнічалі, «мядзведзі» самі кінуліся наперад і на 15-ай хвіліне абаронца Павел Казакевіч кідком ад сіняй лініі адкрыў лік. У другой дваццаціхвілінцы госці вызначыліся па-іншаму. «Нёман» праміргаў выхад Аляксея Яфіменкі сам-насам з брамкаром. І менчукі ўтрымалі пераможны вынік. 3:1 на іхную карысць. Серыя вяртаецца ў Менск.

Валейбол

Якім бы ні быў бліскучым сезон у валейбольнай каманды «Мянчанка», усё ж вышэй за сетку на такім узроўні не скочыш. Турэцкі «Эджзаджыбашы Вітра» – гэта, свайго роду індустрыя, і ў параўнанні з нашым чэмпіёнам – гэта «космас». Беларуская дружына саступіла ў чатырох партыях і можа ганарыцца не толькі сезонам, але і тым, што атрымала пахвалу ад бразільскага трэнера канкурэнтак.

Гандбол

Мару заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь, суддзі найвышэйшай нацыянальнай катэгорыі па гандболе, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Аркадзя Маўсесава, які раптоўна пайшоў з жыцця ў 2015-ым, калі яму было 63 гады, ажыццявілі на кафедры спартовых гульняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту фізкультуры. Яе спадар Аркадзь ствараў і ўзначальваў. І імкнуўся мець такі кабінет, куды не сорамна было б запрасіць заслужаных людзей з іншых ВНУ, правесці навуковую канферэнцыю, напрыклад, для абмену досведам.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: Віталь Гарбацюк / hcneman.by

Глядзі таксама
Каментары