Аб'ектыў 23.04.2018 Не жылі добра, не трэба і пачынаць


Іржавая вада, дый тое толькі 2 разы ў тыдзень. Жыхары вёскі Вярхоўе, што ў Бешанковіцкім раёне пакутуюць ад бяздзеяння ЖКГ. У дамах, збудаваных яшчэ ў 80-ых гадах ані разу не было капітальнага рамонту – жылыя будынкі працякаюць, балконы могуць абваліцца ў кожны момант. Чыноўнікі ж замест дапамогі запужваюць жыхароў вёскі, і нагадваюць аб неабходнасці плаціць камунальныя паслугі.

Парослыя імхом гаўбцы, пад’езды як з фільмаў жахаў. У такіх умовах вымушаныя жыць жыхары дамоў нумар 29а і 29б на вуліцы Савецкай у вёсцы Вярхоўе Бешанковіцкага раёну. Цяжка паверыць, але вокны на цвіках, пастаўленыя ЖКГ сёлета ў студзені, замянілі ранейшыя – з дзіркамі.

«Яны вось збітыя так, і гэта нармальна. А што вы хочаце? У нас у дом падключылі ацяпленне ў пад’езды. Уявіце, шчыліны вось такія, вецер гуляе, а яны топяць! А мы плоцім!», – распавядае мясцовая жыхарка Святлана Арцюх.

Людзям не стае нармальнае вады

Між тым, гэта яшчэ зусім не найважнейшая праблема. Не ў Сахары, не ў Аўстраліі, а ў беларускай вёсцы людзям не стае нармальнае вады. З кранаў цячэ іржа, а падагрэў увогуле стаўся нечуванаю раскошаю.

«Як толькі лета пачынаецца, вада ў нас гарачая толькі бывае два дні – пятніца і субота. З 4-й да 10-й гадзіны вечара. Як сказаць, не зусім яна гарачая. Покуль яны яе нагрэюць, гэта гадзінаў так восем. Ну і там гадзіны 2–3 толькі вада», – жыхар вёскі Вярхоўе Сяргей Кавалеўскі.

Вяскоўцы ўжо даўно дамагаюцца ад камунальнікаў належнага рамонту дому і людскага стаўлення. Між тым у Бешанковіцкім райвыканкаме да гэтых прэтэнзіяў ставяцца надзвычай пагардліва.

«А што павінна змяніцца? А самыя грамадзяне потым у стане будуць плаціць? Вам паскардзіліся неплацельнікі сістэматычныя. А яны потым у стане будуць аплаціць, калі вада будзе падавацца кожны дзень? Яны перыядычныя неплацельнікі і даўжнікі па камунальных паслугах», – сцвярджае начальніца аддзелу ЖКГ Бешанковіцкага раёну Наталля Аўчыннікава.

Чыноўніца дадала, што дзяржава і так пабудавала для жыхароў гэтых дамоў асобную кацельню. Відавочна, паводле чынавенства, людзям улетку хопіць памыцца два разы на тыдзень.

«У нас заробкі 200–300 рублёў, бывае, што і 120. У пазыках жывем тут, да нас прыходзяць, патрабуюць, пагражаюць адключэннем, забіраннем дзяцей, апекаю пужаюць. Яны не бачаць таго, што яны нам павінныя. Яны бачаць толькі тады, калі мы ім вінныя», – са слязамі на вачах кажа Святлана Арцюх.

Да скаргаў на стан дамоў дадаюцца вымогі Пятра Яначкіна. Ён у звязку з інваліднасцю вымушаны перасоўвацца на вазку. Спадар Пётр ужо каторы месяц безвынікова дабіваецца, каб у падʼездзе аднавілі зламаны хуліганамі пандус, а ямкі ў двары засыпалі.

«Гэта невыносна! Я ж жывы покуль чалавек, я ўжо і так прашу сабе смерці! Надакучыла ўсё!», – скардзіцца Пётр Яначкін.

Адметна, што сярод усеагульнага запусцення і шэрасці ў Вярхоўі вылучаецца толькі адзін будынак – сельсавет. На яго рамонт грошы ў бюджэце знайшліся.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары