«Не рыпайцеся». Амерыка дапаможа Украіне зброяй


Дзярждэпартамент ЗША заявіў пра гатовасць забяспечыць Украіну вайсковай дапамогай.

Амерыканскія медыі паведамляюць пра ўжо ўхвалены Доналдам Трампам план продажу нашым паўднёвым суседзям супрацьтанкавых ракетаў на суму сорак сем мільёнаў долараў. Кіеў прасіў пра такую дапамогу з самога пачатку канфлікту на ўсходзе краіны, але ці паўплываюць амерыканскія ракеты на развязанне сітуацыі на Данбасе?

Амерыканская дапамога будзе насіць выключна абарончы характар – гэтак у Дзярждэпартаменце патлумачылі рашэнне пра продаж амерыканскіх супрацьтанкавых комплексаў Джавэлін Украіне. Двума днямі раней Вашынгтон таксама надаў Кіеву ліцэнзію для набыцця шэрагу відаў лёгкага стралковага ўзбраення калібрам да 50 міліметраў. Гэтыя захады на меркаванне ЗША, маюць перадухіліць далейшую агрэсію. Крэмль – ня згодны.

«Гэта ў чарговы раз падагрэе і без таго гарачыя галовы тых нацыяналістаў, што імкнуцца толькі да таго, каб перайсці да сілавога захаду ўрэгулявання на Данбасе. І абсалютна тупіковаму і зноў развязаць кровапраліцце», – заявіў прэсавы сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

Такое ўзбраенне было неабходнае Кіеву ад самога пачатку расейскай агрэсіі на Данбасе. Перанасныя супрацьтанкавыя комплексы Джавелін маглі б пераламаць наступ расейскай бранятэхнікі пад сепаратысцкімі сцягамі. Сёння ж, калі параўноўваць сілы прарасейскіх сепаратыстаў і Кіева, можа падацца, што канфлікт можна скончыць цягам некалькіх тыдняў і без амерыканскіх ракетаў.

«Армія можа ўзяць і захапіць Данецк, без праблем, але пытанне толькі ў стратах, якія яна пры гэтым панясе. Бо сёння ў свеце вайсковая стратэгія базуецца на тым, каб нанесці праціўніку страты, якія будуць для яго недапушчальнымі.Адпаведна зараз мы бачым там пазіцыйную вайну», – кажа аналітык парталу «Belarus Security Blog» Зміцер Міцкевіч.

То бок, цяпер, калі бакі толькі абменьваюцца руціннымі абстрэламі, гэтыя ракеты сапраўды могуць граць толькі стрымліваючую ролю. Захада, на меркаванне адмыслоўца – своечасовая.

«Расея можа выкарыстаць Данбас у якасці фактара для падвышэння ўнутранага рэйтынгу Уладзіміра Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах. Ёсць вялікая імавернасць таго, што Расея пачне нейкія буйныя дзеянні на Данбасе. А тут амерыканцы фактычна даюць ім такі знак – хлопцы, вы не рыпайцеся», – дадае эксперт.

Уладзімір Пуцін пакуль што падымае рэйтынг больш мірнымі захадамі. Сёння ён разам з расейскім міністрам абароны пад захопленыя воклічы масквічоў закінуў некалькі шайбаў у браму губернатара Тульскай вобласці Аляксея Дзюміна. Да гэтага сваё безумоўнае падтрыманне для кандыдата самавылучэнца выказала кіроўная расейская палітычная партыя «Адзіная Расея».

«Нашыя магчымасці – усе мусяць служыць адной мэце. Якой мэце? Каб 18 сакавіка налета стаў днём безумоўнай перамогі нашага кандыдата – Уладзіміра Пуціна», – заявіў прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў.

І пакуль сумневаў у безумоўнасці гэтай перамогі няма, прынамсі да прэзідэнцкіх выбараў чарговай вайны ці новай эскалацыі на Данбасе можна не чакаць.

Усевалад Шлыкаў