«Не нашая вайна»: 38-ая гадавіна ўваходу савецкіх войскаў у Афганістан


Пад сцягам даўно не існай краіны, пад якім ішлі ў бой, сёння ўзгадалі загінулых і ацалелых, скалечаных і зніклых без вестак. У 38-ую гадавіну ўваходу савецкіх войскаў у Афганістан беларускія ветэраны-«афганцы» прыйшлі на Востраў слёз у Менску.

«Востраў – гэта сімвалічна. Шчыра выканаўшы свой абавязак Радзіме, мы апынуліся на востраве непаразумення ў сваім грамадстве», – кажа Віктар Сівохін з фонду «Баявое братэрства без межаў».

Каля мемарыялу беларускім вайскоўцам-інтэрнацыяналістам, загінулым у Афганістане, асабліва адзначылі сёння трох ветэранаў.

Сярод арганізатараў сустрэчы – былы палітвязень Мікалай Аўтоховіч. Старэйшы прапаршчык, камандзір узводу ў мотапяхотным палку – ён сам напісаў запыт, каб яго адправілі ў Афганістан, дзе прайшлі два гады і тры месяцы жыцця маладзёна.

«Я тады не думаў, куды я еду, навошта я еду, каго я буду там забіваць, што я буду там рабіць – я тады не думаў. Сказалі – трэба – і ты паехаў. Цяпер, калі пасталеў, я, вядома, зразумеў, што мы там былі непатрэбныя, што гэта была не нашая вайна, што мы забівалі людзей, якія баранілі сваю свабоду», – кажа Мікалай Аўтуховіч.

Самыя ж «афганцы» цяпер не патрэбныя дзяржаве, перакананы старшыня незалежнага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч. На ўрачыстасць ён прыйшоў, каб аддаць даніну павагі загінулым сябрам.

«У нашай краіне афганцы застаюцца са сваймі праблемамі сам-насам. Яны ж, хочаш не хочаш, прайшлі вайну, і з псіхікай можа быць… Гэта ж, не бай Бог, прайсці вайну. Дзяржава ж павінна, іх не так шмат засталося. Што ж вы робіце? Гэта ж людзі, якія аддавалі жыццё, у тым ліку думалі, што і за нас, за беларусаў», – кажа Генадзь Фядыніч.

Цяпер у Беларусі статус ветэранаў вайны ў Афганістане застаецца неакрэслены. Айчыннае пасведчанне падзяляе воінаў-інтэрнацыяналістаў на тры катэгорыі ды не прызнаецца ў іншых постсавецкіх краінах. Да таго ж, «афганцам» у нашай краіне скасавалі амаль усе ільготы.

Лола Бурыева belsat.eu