Не адкрываць фортак. Як выжыць падчас смогу


У некаторых раёнах Менску ўсцяж чуваць выразны пах гары, але ўчорашняя дымка над сталіцаю адступіла. А разам з ёй і – перавышэнне нормаў канцэнтрацыі дробных часціцаў у паветры ў два з паловаю разы. І хоць сёння пагрозы здароўю больш няма, пытанне ў тым ці гэта надоўга?

Прадстаўнікі аддзелу маніторынгу атмасфернага паветра Мінпрыроды, у першую чаргу ў забруджванні, вінавацяць жыхароў менскіх прыгарадаў. Маўляў, халады, тыя паляць у печках дровы, брыкет ды што трапіць, а паўночны вецер цягне гэта ўсё на сталіцу.

Другая прычына – аўтамабілі. Што праўда, не існуе тэхнічных сродкаў, якія б дакладна адказалі, што зʼяўляецца першакрыніцай забруджвання. Больш актуальнае пытанне – ці недастатковая чысціня паветра норма для беларускае сталіцы?

Іншыя краіны, у змаганні са смогам, выкарыстоўваюць розныя практыкі. У польскай сталіцы, якая днямі таксама сустрэлася з гэтаю праблемай, улады зрабілі бясплатны праезд у грамадскім транспарце, каб жыхары менш карысталіся сваймі аўтамабілямі.

У некаторых кітайскіх гарадах уезд у паселішча рэгулюецца наступным чынам: сёння дазволена ўсім машынам, нумары якіх маюць апошнюю цотную лічбу, заўтра няцотную. Менскія ўлады такіх захадаў не прымаюць, а Мінпрырыроды абмяжоўваецца толькі рэкамендацыямі.

«Мы рэкамендавалі фабрыкам абмежаваць выкіды ў сувязі з неспрыяльным станам», – кажа Багдана Казярук з Рэспубліканскага цэнтру гідраметэаралогіі.

Менчукі, якім медыкі ў такія дні раяць абмежаваць шпацыры па вуліцы, не адкрываць фортак і кантраляваць самапачуццё, аб праблеме збольшага чулі. Але большасць або вымушаная выходзіць на вуліцу па справах, або ігнаруе небяспеку.

Паводле менскага ДАІ, колькасць аўтамабіляў у сталіцы ўжо наблізілася да крытычнае адзнакі. Паводле пазалеташніх звестак, на тысячу менчукоў прыходзіцца 412 аўтаў.

Ігар Кулей