Аб'ектыў 30.07.2018 «Навошта той прадавец стаіць за прылаўкам?». Канец эпохі РАЙПО


Ужо пэўны час у Беларусі паралельна існуюць гандлёвыя сеткі Прадторгу і Райспажыўтаварыства, прычым створаныя на старой базе, таго, што ўсе жыхары невялікіх мястэчак ведаюць як РАЙПО. У якой сітуацыі цяпер гандаль у Райспажыўтаварыстве?

Сокі, вада, кансервы, хаця апошняе ў вяскоўцаў акурат не карыстаецца асаблівай папулярнасцю, а вось тое, што не расце на хатнім падворку, знайсці ў крамах Райспажыўтаварыства даволі не простая задача. У Кармянскім раёне, у вёсцы Стараград, напрыклад, звычайных цыгарэтаў не было некалькі месяцаў.

«Бываюць цяжкасці з марожаным, напрыклад, але гэта цяжкасці ў Райспажыўтаварыства. Цыгарэтаў месяцы тры [не было], але калі ў нас няма, ёсць на пошце», – кажа супрацоўніца крамы Кармянскага райспажыўтаварыства.

Увагу на праблему звярнуў магілёвец Аляксей Паўлоўскі, які тут праводзіць амаль усё лета. А вось рэакцыя з боку мясцовага сельсавету была нечаканаю.

«У краме не было ані марожанага, ані віна, піва, цыгарэтаў, маянэзу, алею. Я напісаў скаргу, каб Райспажыўтаварыства прыняло меры па дастаўцы харчоў, на наступны дзень да мяне прыйшоў старэйшы лейтэнант міліцыі, а праз пару дзён старшыня Старагародскага сельсавету мяне сустрэла і пачала крычаць, што ў 24 гадзіны я цябе выселю і адбяру зямлю», – кажа мясцовы жыхар Аляксей Паўлоўскі.

Мясцовыя жыхары да праблемаў з асартыментам прызвычаіліся і за неабходным ездзяць у суседнія гарады. Доўск – паўгадзіны на машыне, у Карму прыкладна столькі ж. Але вось што рабіць тым, у каго няма аўта пад бокам?

«Праблема ў тым, што нічога не прывозяць, звычайнага цвіка ў краме і тое набыць нельга», – кажа мясцовы жыхар.

«У краму зойдзеш, можаш такі хлеб набыць, што чалавека забіць можна. Ніякай дастаўкі. Што не спытай – нічога няма. Навошта той прадавец стаіць за прылаўкам?» – пытае іншы.

Гандлёвыя сеткі Райспажыўтаварыства даўно не маюць патэнцыялу развіцця, кажуць адмыслоўцы. Ды і карупцыйныя скандалы цягнуцца гадамі. Яшчэ ў 2013 старшыню Белкаапсаюзу Сяргея Сідзько затрымалі за хабар. Гаворка ішла пра паўмільёна долараў.

«У свой час Райспажыўтаварыства і структуры спажывецкай кааперацыі мелі выключныя мажлівасці і ўмовы. Яны мелі сетку па ўсёй краіне, якую на той час не мела ні адна гандлёвая сістэма і яны маглі скарыстацца гэтым, у рынкавым сэнсе», – кажа эканаміст Мікалай Новікаў.

Словы эксперта пацвярджаюць і ў мясцовым Райспажыўтаварыстве, кажуць працуем і нічога не зарабляем. Але паралельна, на базе Райспажыўтаварыства створаная новая структура, «Продторг», якая не мае пазыкаў і на развіццё якой спадзяюцца ў рэгіёне.

«У нас цяжкасці з тым, што выдаткі большыя чым прыбыткі, бо мы ўтрымлівалі крамы ў малых месцах, дзе гандлярка, напрыклад, на сябе не зарабляе, мы ўсё адно ўсім выплачваем заробкі. Таму мы стварылі «Проторг» і паступова вырашаем свае праблемы па аплаце і завозу тавараў, бліжэйшым часам мы паспрабуем усе выправіць», – кажа выканальніца абавязкаў старшыні Кармянскага райспажыўтаварыства Лідзія Ўласава.

Ад Райспажыўтаварыства цудаў не чакае ўжо ніхто. Да прыкладу ў Аршанскім раёне мясцовыя жыхары прасілі дазволіць «Еўраопту», у абыход антыманапольнага заканадаўства, прыйсці на мясцовы рынак. Улады пайшлі насустрач, пагатоў крамы Райспажыўтаварыства даўно збанкрутавалі.

Аркадзь Несцярэнка; фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Глядзі таксама
Каментары