Аб'ектыў 16.05.2018 Навошта Лукашэнка ездзіў у Таджыкістан?


Урачыстае адкрыццё канвееру па збору беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ды абяцанні вярнуцца ў верасні і пасадзіць у Менску асабісты фруктовы сад імя Рахмона. Кіраўнік краіны закончыў з візітам у Таджыкістане, дзе, паводле яго ўласных словаў, прасоўваў інтарэсы беларускіх вытворцаў.

Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Таджыкістан працягваўся тры дні. У Душанбэ ён накіраваўся адразу з Сочы і, нават з афіцыйных кадраў, бачна, што ў Таджыкістане кіраўнік Беларусі адчувае сябе ў сваёй талерцы.

«Я тут каб умацаваць нашыя сувязі. І наш Форум, які вы прапанавалі ў Менску, які мы там задумалі, нашая ідэя рэалізоўваецца. І я думаю мы падцягнем і нашых суседзяў, пакажам нашыя магчымасці і будзем надалей развіваць гандлёва-эканамічныя стасункі», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

У межах візіту бакі падпісалі дарожную мапу супрацы. Таксама адбыўся другі міжнародны бізнес-форум: Беларусь-Таджыкістан. Зрэшты экспартны набор класічны: трактары, харчы… зборка беларускіх машынаў. Урачыстае адкрыццё зборнай вытворчасці беларускай тэхнікі адбылося ў Гісары.

«Гэта даніна модзе і спроба пралабіраваць інтарэсы нашых вытворцаў», – лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Абодва кіраўніка краіны яшчэ напярэдадні заявілі пра стратэгічны характар двухбаковых дачыненняў. Але гэта хутчэй дэкларацыя чым рэальнасць, кажуць суразмоўцы Белсату.

«Гэты тэрмін: «стратэгічнае партнёрства» амаль з усімі краінам. У яго яшчэ любімая фраза «закрытых пытанняў у нашых адносінах няма», – кажа палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Яраслаў Раманчук зазначае, што калі ў нашай краіне экспарт тавараў 30 мільярдаў долараў, а доля Таджыкістану менш за 0,1%, то па сутнасці супрацы няма.

«Ёсць нейкія кааператыўныя, якія былі б і без прэзідэнтаў, бо прадпрыемствы шукаюць рынкаў і гэта іх справа», – кажа Раманчук.

Абедзьве краіны знаходзяцца ў ваенна-палітычным саюзе АДКБ пры дамінаванні Расеі, адзначае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Разам з гэтым, і Менск, і Душанбэ вельмі ўважліва глядзяць у бок Кітаю і тут сапраўды Менск і Душанбэ маглі б знайсці агульную глебу, напрыклад у межах той жа Шанхайскай арганізацыі супрацы.

«Краіны дадзенага рэгіёну, Цэнтральнаазіяцкага, і Беларусь, з’яўляюцца ўдзельнікамі кітайскай ініцыятывы «Шаўковы шлях», які ідзе ў Еўропу. І, дарэчы, ён можа праходзіць па-за Расеяй», – адзначае Раман Якаўлеўскі.

Эксперты падсумоўваючы вынікі катэгарычныя. Гэта ўжо, па вялікім рахунку, не наш рэгіён. І адзінае, што на афіцыйным узроўні звязвае нашыя краіны, асабістыя сувязі лідараў. Абодва знаходзяцца на пасадах прэзідэнтаў ад 1994-га.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары