Аб'ектыў 11.05.2018 Навошта нам асфальт? Нас хутка закапаюць. Усё пра рамонт дарог у Віцебску


У Віцебску званы б’юць па грашах. Выкінутых на штогадовыя рамонты – адных і тых жа дарогаў і абʼектаў.

Лесвіца на Успенскую гару, пабудаваная ў дзве тысячы дзясятым. Ужо праз год тут зʼявілася расколіна. Праз два – адвалілася тынкоўка. Пазней – плітка. Цяпер аздабленне на адной з галоўных турыстычных кропак гораду рамантуюць штогод.

Тая ж сітуацыя з віцебскімі дарогамі.

«Пэўна ёсць нейкая сувязь паміж уладальнікамі таго заводу, які вырабляе гэтую плітку, і сталымі ўжо месцамі рамонту дарог, дзе кладзецца гэтая плітка. Нават там, дзе добры асфальт, дзе яшчэ добрыя дарогі, усё роўна ён здымаецца і кладуць плітку. Праз год гэтая плітка крышыцца», – кажа Таццяна Севярынец з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Два кіламетры ад цэнтру Віцебску і бачым іншую карціну. Разруха тая ж, але замест асфальту ці пліткі – яміны, лужыны і нават цагліны.

«Усё жыццё ў такіх умовах жывем. Па Горкага крыху паклалі асфальт. І ўсё, больш нічога. Нам хутка туды ісці (паказвае на зямлю. – Заўв. рэд.) – навошта нам асфальт?», – кажа мясцовы жыхар.

Відавочна, на гэтыя віцебскія вуліцы госці Славянскага базару не зазіраюць. Таму і ўкладаць грошы сюды чыноўнікі не спяшаюцца.

«Няхай улады падумаюць, што трэба ўсё ж не толькі цэнтр рамантаваць і прыводзіць у парадак. Але і іншыя вуліцы, дзе жывуць людзі», – кажа віцяблянін.

Але – на гэта няма грошай. Прынамсі гэта вынікае з адказаў чыноўнікаў.

«Жыхары прыватнага сектару 5-ы камунальны разам з віцебскімі актывістамі БХД збіралі подпісы пад зваротам у гарвыканкам і гарадскі савет дэпутатаў», – кажа грамадская актывістка Алена Шабуня.

Грамадзяне прасілі заасфальтаваць вуліцы Віцебская, Зялёная, Рыжская, Кіеўская, Шырокая, Смятаніна і сорак трэцяй Арміі. Аднак, атрымалі адмову. Цытуючы намесніка старшыні віцебскага выканкаму Сяргея Салгаева, «у звязку з дэфіцытам фінансавых сродкаў у дзяржаўным бюджэце».

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары