Аб'ектыў 03.05.2017 Навальны страціў зрок і магчымасць балатавацца на прэзідэнта


Кіраўскі абласны суд адмовіўся перагледзець гэтак званую другую справу «Кіраўлесу», паводле якой расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага асудзілі на 5 з паловаю гадоў умоўнага тэрміну. Ці закрывае гэта перад ім магчымасць браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2018-га года? Першы прысуд палітык ужо паспяхова аспрэчыў у Еўрапейскім судзе правоў чалавека.

«У любым выпадку, паводле Канстытуцыі, любы чалавек, які не перабывае ў месцах пазбаўлення волі, мае права браць удзел у выбарах. Не тое, што я вам намякаю, які яшчэ ёсць варыянт не даць мне ўдзельнічаць. Я буду ўдзельнічаць, гэтая кампанія не спыніцца», – зазначыў Навальны.

Згадвальнасць Навальнага ў расейскіх медыях, паводле звестак Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі, сёлета вырасла ў пяць разоў. Спробы Крамля ціснуць на палітыка толькі павышаюць ягоную пазнавальнасць. У мінулы чацвер Навальнага аблілі зялёнкаю, але, нягледзячы на хімічны апёк вока, ён з’явіўся ў вечаровым эфіры на сваім канале.

Навальнаму, паводле яго, пагражае страта 80 % зроку, але праваахоўнікі не спяшаюцца з расследаваннем. На злітым тэлеканалу «REN-TV» відэа замазаныя аказаліся толькі твары тых, хто нападаў. Блогеры выканалі працу сілавікоў і высветлілі, што за нападам стаяць Аляксандр Петрунько і Аляксей Кулакоў з пракрамлёўскага руху SERB.

Навальны абвінавачвае ў замове Адміністрацыю прэзідэнта

«У інтарэсах Пуціна спыніць гэтае бязладдзе, бо гэта кажа пра ягоную слабасць. Бо, калі форма барацьбы з кандыдатам на прэзідэнта Расеі Аляксеем Навальным, – гэта плюхнуць яму лайном у вочы, што прыводзіць да некрозу рагавіцы, то гэта значыць, што яны самі сябе баяцца і сабе не давяраюць», – падкрэсліў апазіцыйны палітык.

У Адміністрацыі прэзідэнта, дарэчы, нібыта стварылі адмысловы аддзел барацьбы з Навальным. Ён ужо праславіўся ролікам, у якім апазіцыянера параўноўваюць з Гітлерам. За два тыдні праглядаў ролік атрымаў у 10 разоў больш дызлайкаў, чымся падабаек, і быў прызнаны інтэрнэт-карыстальнікамі цалкам правальным.

Мітынгі на Пушкінскай і Сахарава, закалоты на Балотнай плошчы, справакаваныя Навальным і ягонымі прыхільнікамі.

Навальны заклікае да гвалтоўнага зрынання ўлады і штурму Крамля

Паводле звестак афіцыйных апытанняў, за два гады на 4 % знізілася колькасць расейцаў, якія лічаць інфармацыю пра апазіцыю ў расейскіх медыях аб’ектыўнай. Цяпер іх 34 %.

Каля 8 тысяч расейцаў ужо падпісаліся пад петыцыяй з патрабаваннем да ўладаў расследаваць напад на Навальнага. Падтрымаць ягоную кандыдатуру на выбарах гатовыя цяпер больш за 400 тысячаў расейцаў. Сам палітык не збіраецца здавацца і заклікае сваіх прыхільнікаў выйсці на чарговую акцыю пратэсту ў Дзень Расеі 12 чэрвеня.

Алесь Яшчанка, Маша Макарава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары