Навальны кажа, што сабраў 100 000 подпісаў


Сходы ініцыятыўных групаў дзеля рэгістрацыі апазіцыянера, а таксама пікеты і мітынгі сёння прайшлі па ўсёй Расеі. Але ЦВК наўрад ці зарэгіструе Аляксея Навальнага ў якасці кандыдата.

Каб стаць кандыдатам у прэзідэнты Расеі, трэба сабраць паўтысячы 500 чальцоў ініцыятыўнай групы. Апазіцыянер Аляксей Навальны пайшоў далей – і сабраў сотні чалавек у 19 гарадах.

Заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй называе сябе «кандыдатам ад усёй Расеі» і ўпэўнены ў народнай падтрымцы. Сходы ініцыятыўных групаў дзеля рэгістрацыі апазіцыянера, а таксама пікеты і мітынгі сёння прайшлі ў 19 гарадах Расеі – ад Масквы да Уладзівастоку.

Сам Навальны, з ягоных словаў, папярэдне ўжо сабраў 100 тысячаў подпісаў – траціну неабходных для рэгістрацыі кандыдатам.

«Няма ніякага масавага падтрымання Пуціна і ўлады. Чым далей ад Масквы, тым менш гэтага падтрымання», – заяўляе Навальны.

У Маскве кандыдатуру Навальнага на прэзідэнта вылучылі 742 асобы, ва Уладзівастоку – больш за 600.

«Як удзельнік дзвюх выбарчых кампаніяў у рэжыме назіральніка, магу сказаць, што яны праходзяць не зусім сумленна і адкрыта, таму выступаю за грамадскі кантроль«, – кажа журналістам валанцёр краснадарскага штабу Навальнага.

Удзел лідара Фонду барацьбы з карупцыяй у выбарах усцяж пад вялікім пытаннем з прычыны судзімасці Навальнага.

Цэнтральная выбарчая камісія неаднаразова гаварыла, што «гэта немагчыма».

Іншых прэтэндэнтаў Навальны заклікаў зняць свае кандыдатуры, калі яго самога не зарэгіструюць. Хаця такі паварот падзеяў малаверагодны. Сваю праграму ўжо прадставіла магчымая кандыдатка Ксенія Сабчак.

Традыцыйна возьмуць удзел і камуністы, але гэтым разам, нечакана без Генадзя Зюганава. КПРФ вылучыла аграрыя Паўла Грудзініна – дарэчы, беспартыйнага.

Але апазіцыянер Навальны палемізуе толькі з адным канкурэнтам.

Вылучацца налета Уладзімір Пуцін пастанавіў не ад «Единой России», а самастойна. У выпадку перамогі гэта будзе ягоны чацвёрты тэрмін. Упершыню гэты пост ён заняў 17 гадоў таму.

Таццяна Рэут; фота вокладкі – Alexander Shcherbak/TASS/Forum