Наваградскі бізнесовец перабудаваў закінутую хату ў фэнтэзі-сядзібу


Укласці грошы ў стварэнне нечага незвычайнага, велічнага ды яшчэ і для ўсяго грамадства. Наваградскі бізнесовец рэалізоўвае мары ды будуе сучасную сядзібу ў стылі фэнтэзі, з неверагоднаю колькасцю скульптураў, твораў мастацтва. Ужо сёння аб‘ект прыцягвае вялізную колькасць турыстаў. Сядзіба – падарунак, які ўласнік дорыць грамадзянам, а таму наведванне бясплатнае для ўсіх.

Вёска Літоўка за 4 кіламетры ад Наваградку. Тут будуецца незвычайная сядзіба для людзей з усяго свету.

Уласнік не хоча, каб яго называлі гаспадаром. Гаспадары тут – наведнікі. Адзіную прастору, якую Сяргей Коваль пакінуў для сябе, – гарышча. Усе астатнія дзверы адамкнёныя ўва ўсе пабудовы кругласуткава. Праект не камерцыйны.

«Гэта проста для людзей. Бясплатна. Для прыгажосці. Тут нават робяць экскурсіі, падаецца, але грошай не бяруць за гэта», – распавядае наведніца.

Апроч тэрыторыі сядзібы, гаспадар добраўпарадкаваў тэрыторыю вакол возера Літоўка. Сяргей Коваль зрабіў альтанкі, месцы для адпачынку, рукамыйнікі, ліхтары, сметніцы, паставіў скульптуру Цмока, вычысціў дно возера, зрабіў пясочніцу, стварыў грамадскі прыпынак, прысвечаны знакамітаму твору Адама Міцкевіча «Гражына», у якім услаўляюцца гэтыя мясціны.

«Вось гэты прыпынак, мне сказалі, што ён самы прыгожы ў Беларусі. Я заўважыў».

«Баснаслоўныя грошы, але якое ў чалавека ўспрыняцце, штосьці неверагоднае. Вельмі добра. І вёска будзе адраджацца».

«Малайчына чалавек. З рукамі».

Раней тут была закінутая хата. Сяргей яе выкупіў і пачаў рэканструяваць у 2012 годзе і, паводле ўласніка, працэс будзе працягвацца бясконца.

«Спрабуем пабудаваць дом, не раздзяляючы ні па якой прыкмеце і прынцыпу. Збіраем усе культуры, усе рэлігіі, задача дому – хуткая асвета, адукацыя: для дзетак тут – казка, ну а для дарослых, я спадзяюся, – нагода паразмаўляць з самым разумным суразмоўцам: самім сабой», – распавядае Сяргей Коваль.

Ад вялікай колькасці элементаў спачатку губляешся. Самастойна заўважыць ці разгледзець усе ідэі і задумкі стваральнікаў немагчыма, але ўласнік з задавальненнем праводзіць экскурсіі ды раскрывае сэнс незвычайных вобразаў.

«Падняўся над сваім эгаізмам і падарыў ключык ад царства нябеснага ўсім людзям на зямлі. Потым ён знік, але цяпер зноў уваскрэс, ён справа там, каб залатым ззяннем сваім асвяціць людзям шлях у светлую будучыню. Ключык, ведаеце, ад чаго падарыў? Ад тэатру».

Наваградак раней быў знакаміты майстэрствам рамеснікаў. Сяргей хоча традыцыю працягнуць, таму шукае мясцовых майстроў і дае ім магчымасць самаящляцца на гэтым арт-аб‘екце. Дэвіз тут: «Прыгажосць свет выратуе, калі выратуюць прыгажосць».

«Гэты дом не адназначны, выклікае шматлікія эмоцыі, спектр іх вельмі шырокі, ад ванітаў да лікавання. Адзінае, што мы імкнуліся, каб пасля наведвання дому ніхто не застаўся раўнадушным. На мой погляд раўнадушнасць, гэта самы моцны біч грамадства», – кажа Сяргей Коваль.

Дарэчы, абыякавых мы тут і не знайшлі.

«Байкер я. Аб’ездзіў вельмі шмат краінаў у свеце. Дзе толькі ні быў, бачыў шмат чаго цікавага, маляўнічага, шмат цэркваў, касцёлаў. Але такога, як тут, я не сустракаў нідзе нічога падобнага», – распавядае навелнік.

Сяргей Коваль называе сябе эгаістам, кажа, што думае найперш пра сябе, бо гэтак сам атрымлівае задавальненне ад жыцця …аддаючы. Паболей бы Беларусі такіх эгаістаў.

Вольга Чайчыц belsat.eu