Нацыянальную квіз-эстафету пераняла Горадня


7 тураў, 50 пытанняў ды больш за 30 удзельнікаў. У Горадні адбыўся першы беларускамоўны квіз. Якія ўзнагароды чакалі наведнікаў, ды наколькі цяжкія былі пытанні?

Шалёную папулярнасць перажываюць апошнім часам у Беларусі інтэлектуальныя віктарыны – гэтак званыя квізы. Дзе-нідзе нават не хапае месца для ахвочых паламаць галаву над пытаннямі з гісторыі, культуры ці штодзённага жыцця. Большае і беларускамоўных віктарынаў – гэтак, нацыянальную квіз-эстафету ўрэшце прыняла Горадня.

«Для мяне гэта своеасаблівае хобі, таму сённяшняя гульня ў нас бескаштоўная, каб прыцягваць людзей і проста ствараць здаровы ажыятаж, калі гэта не ёсць камерцыйнай гульнёй, а ёсць тым, што можа гуртаваць людзей вакол ідэі беларушчыны», – распавёў суарганізатар квізу Алесь Мазанік.

«Імбрыкі ды імбрычкі» – назва віктарыны ў Горадні не выпадковая. Яна адбывалася пры падтрыманні нацыянальна арыентаванай крамы Imbryk.by, якая падарыла ў тым ліку падарункі ды сувеніры самым кемлівым і актыўным удзельнікам. Пляцоўку ж даў Цэнтр гарадскога жыцця Горадні. Арганізатары падкрэсліваюць некамерцыйнасць праекту. Людзі гэтыя памкненні ацанілі.

«Цікава пагуляць, праверыць свае веды, нейкі азарт. У нас свая каманда сямейная, мы звычайна ёй і гуляем».

«Пытанні на беларускай мове, гісторыя Беларусі, мова і культура Беларусі. Такіх гульняў няма, а тут адразу ўсё ў адным».

Прызы дасталіся не толькі пераможцам. Памятную паштоўку атрымаў кожны ўдзельнік віктарыны. Арганізатары спадзяюцца, што імпрэза зробіцца рэгулярнай – і праз сваю цікаўнасць ды атмасфернасць павысіць інтарэс да беларушчыны.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»