Нацыяналізацыя «Мотавела»: рэйдарскі захоп ці аднаўленне справядлівасці?


На судовым працэсе аўстрыйскай кампаніі «Амета Холдынг» супраць «Мотавела», які вёўся асобна ад судоў над братамі Мураўёвымі, раскрыліся падрабязнасці таго, якім спосабам дзяржава захапіла кантроль над прыватызаваным раней заводам. Наколькі такія метады законныя, і як паўплывалі на замежныя інвестыцыі ў нашую краіну?

Цуду не адбылося

Эканамічны суд Менску прызнаў законнай працэдуру, пры дапамозе якой дзяржава ўзяла кантроль над заводам «Мотавела».

На сённяшнім разбіральніцтве прадстаўнік інвестара – аўстрыйская кампанія «Амета Холдынг» – апратэстоўвала прызначэнне былога мэра Менску Мікалая Ладуцькі на пасаду генеральнага дырэктара «Мотавела».

«Тут ёсць момант даволі цікавы, бо «Атэк інвестмэнт», афіцыйна дагэтуль з’яўляецца ўладальнікам акцый «Мотавела». Такім чынам, прыватны інвестар судзіўся са сваім жа прадпрыемствам. У выніку ён прайграў», – тлумачыць судовы аглядальнік Віктар Федаровіч.

Схема выглядала наступным чынам

Улады пераканалі тагачаснага гендырэктара «Мотавела» Казіміра Мароза прадаць дзяржаве адну акцыю заводу. Затым, валодаючы толькі адной мільённай адсотка капіталу, дзяржава правяла сход акцыянераў, на якім прызначыла новую назіральную раду – спрэс дзяржаўных чыноўнікаў. Назіральная рада памяняла гендырэктара, пасля чаго ўлады арыштавалі тыя 99 % акцыяў, што належалі аўстрыйскім інвестарам, каб яны не змаглі правесці новага сходу і адмяніць гэтых рашэнняў. Інвестары падалі пратэст у Эканамічны суд Менску, які і вынес сёння сваё рашэнне – што ўсё законна.

«У двух юрыстаў ёсць тры меркаванні па адным пытанні, але тут перамог той бок юрыстаў, які знаходзіцца ля ўлады», – дадаў Віктар Федаровіч.

Былы генеральны дырэктар холдынгу «Амкадор» Васіль Шлындзікаў канстатуе: пры дапамозе падобных схемаў улады забралі назад у інвестараў практычна ўсе буйныя прадпрыемствы, што былі прыватызаваныя ў 90-я.

«Як рабіла дзяржава з паспяховымі прыватызаванымі прадпрыемствамі. Керамін – акцыі былі адабраныя і цяпер кантрольны пакет акцый, калі я нічога не прапусціў, належыць дзяржаве. Спартак», – нагадвае спадар Шлындзікаў.

Насуперак усяму, інвестары хочуць у Беларусь

Нягледзячы на неспрыяльны дзелавы клімат, геаграфічнае становішча Беларусі ды высокія працоўныя якасці нашых грамадзянаў застаюцца моцным магнітам для замежных інвестараў.

На гэтым тыдні французская кампанія «Лакталі» набыла кантрольны пакет акцый Ляхавіцкага малочнага заводу за $ 9,5 млн. Паводле ж усіх замежных інвестыцыяў, назапашаных за час незалежнасці, Беларусь у чатыры разы адстае ад Украіны, але абганяе Літву і Латвію. Што праўда, гэтыя краіны значна драбнейшыя і, калі пералічыць на душу насельніцтва, яны абганяюць нас у гэтым рэйтынгу ў некалькі разоў.

Інвестары, з якімі мы размаўлялі на бізнес-форумах адзінадушна заяўляюць, што існы аб’ём замежных інвестыцыяў у Беларусь – мізэрны, у параўнанні з тым, якога можна чакаць пасля таго, як судовая ўлада ў Беларусі зробіцца не залежнай ад выканаўчай.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: TUT.BY