Настаўніцу садзяць за кветку, а карупцыянеры Лукашэнкі – на свабодзе


Чарговы карупцыйны скандал – гэтым разам затрымалі кіраўніка Браслаўскага раёну і ягонага намесніка. За што бралі грошы чыноўнікі і ці сапраўды беларуская дзяржава так бязлітасна змагаецца з карупцыяй?

28 тысяч еўраў – на такую суму незаконна абагаціўся старшыня Браслаўскага райвыканкаму Уладзімір Дранеўскі. Праваахоўнікі высветлілі, што апошнія два гады ён сістэматычна атрымліваў хабар за развязанне пытанняў у ягонай кампетэнцыі.

«Гэта тыя грошы, якія знайшлі. Нават калі яму інкрымінуюць, то гэта, вядома, на самой справе капейкі. Таму што Браслаўскі раён – гэта велізарная зона адпачынку, дзе прыязджаюць адпачываць шмат расейцаў, літоўцаў і іншыя замежнікі. Таму там уся зямля падзеленая паміж людзьмі, якія маюць грошы. За гэта і бяруць хабар», – кажа былы дэпутат Сяргей Скрабец.

Паводле экспертаў, у такіх раёнах хабарніцтва папросту квітнее. Жыхары Браслава сцвярджаюць, што менавіта такім чынам і выглядае сітуацыя з кіраўніком раёну ды ягоным намеснікам.

Цікава, што летась Міністэрства ўнутраных справаў зарэгістравала амаль чатыры тысячы карупцыйных злачынстваў, у той момант як Генеральная пракуратура – удвая менш. А Вярхоўны Суд увогуле паведаміў пра вырак толькі 694 чалавекам. Як карупцыйныя лічбы паменшыліся амаль у шэсць разоў – незразумела.

«Кагось там ловяць за нейкі капеечны хабар: доктара могуць за шакаладку пасадзіць, настаўніцу – за кветку. Але сур’ёзных карупцыянераў, якія знаходзяцца ў вышэйшых эшалонах улады – гэта Адміністрацыя прэзідэнта, парламент, суды: мытня – гэтых карупцыянераў, канешне, ніхто садзіць не будзе», – кажа Сяргей Скрабец.

Таксама шырокаю зрабілася практыка памілавання Лукашэнкам карумпаваных чыноўнікаў пасля вяртання імі незаконна атрыманых грошай. Такіх дзеячаў пасля адпраўляюць кіраваць, напрыклад, калгасамі ў розныя раёны краіны. Гэтак, у мінулым месяцы былы кіраўнік Салігорскага раёну Аляксандр Рымашэўскі, асуджаны на восем гадоў турмы за карупцыю, быў памілаваны Лукашэнкам і пачаў кіраваць калгасам на Берасцейшчыне. Як гэта развязвае пытанне карупцыі – пытанне рытарычнае.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu