Аб'ектыў 25.02.2017 «Народны альбом» у Беларусі


Упершыню прэзентацыя «Народнага альбому» адбылася ў Менску 20 гадоў таму. Цяпер пасля дзесяцігадовае забароны альбом у адноўленым складзе вяртаецца на беларускую сцэну. Да Лявона Вольскага, Аляксандра Памідорава, Касі Камоцкай ды іншых выканаўцаў далучыліся музыкі з гурта Apple Tea.

Доўгае маўчанне не скарыла сапраўдных фанатаў, якія за гэты час не забылі словаў 27-мі гітоў.

«Я ўвесь час думаю як столькі год я жыла без «Народнага альбома». І зараз я вельмі рада, што ў Менску зноў паўтараецца і можна паслухаць тыя ж самыя песні ў жывую».

«З Народным альбомам пазнаёміўся ў старэйшых класах і ўласна кажучы да гэтага часу ў такіх вялікіх тусоўках спяваецца ад першай да апошняй песні. Ён сапраўды стаў народным».

Героі «Народнага альбому» – звычайныя жыхары міжваеннай Заходняй Беларусі, якія пажылі і пры «панскай Польшчы», зазналі і акупацыю саветаў, радасці міру ды горычы вайны.

Але горычы зазнаў і ўласна «Народны альбом», бо разам з чорнымі спісамі забароненых музыкаў, што негалосна існуюць у Беларусі апошняе дзесяцігоддзе, трапіў пад забарону.

Шоу атрымалася і мусіць працягвацца. Цяперашні менскі канцэрт у Prime Hall здолеў адбыцца дзякуючы падтрыманню тэлеканалу «Белсат», Польскага інстытуту ў Менску ды Інстытуту Адама Міцкевіча.

Вольга Гарадзейчык, аглядальніца культуры:

«Гэта адзіны, відаць, у Беларусі праект персонаў. Кожны з іх гэта вялікі артыст, таму тое, што яны збіраюцца разам і робяць гэта разам – гэта стварае шоу. Гэта можна лёгка праверыць, даць пераспяваць камусьці іншаму, шоу магчыма не атрымаецца».

Чаго цяпер не стае легендарнаму мюзіклу – дык гэта беларускага туру, які можна было б распачаць са славутага мястэчка Ракаў, дзе з лёгкае рукі паэта і аўтара песень праекту Міхала Анемпадыстава адбываліся падзеі «Народнага альбому».

Глядзі таксама
Каментары