[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/CV3wk1gpw1s”][vc_column_text]У рэгіёнах за адмену дэкрэту людзі падпісваюцца больш актыўна, чым у Менску.
У Беларусі працягваецца збор подпісаў пад зваротам да ўладаў з патрабаваннем адмяніць дэкрэт «аб дармаедстве». Паводле актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія збіраюць подпісы на Камароўцы ў Менску, «беларусы паволі прачынаюцца».
«Самае галоўнае – каб людзі адчулі сябе грамадзянскай супольнасцю, актыўнымі людзьмі, перасталі маўчаць, пачалі змагацца, – лічыць Мікалай Казлоў з АГП. – Таму што, як засведчыла практыка, калі людзі маўчаць, то гэтыя паборы ўва ўсіх сферах жыцця толькі павялічваюцца!».
У рэгіёнах за адмену дэкрэту аддаюць галасы нават больш актыўна, чым у сталіцы: у Пінску збіраць подпісы вышлі нават не грамадскія і апазіцыйныя актывісты, а простыя грамадзяне, скаардынаваўшы свае дзеянні праз Інтэрнэт. За няпоўныя дзве гадзіны двое неабыякавых грамадзянаў сабралі 170 подпісаў. Магло быць і больш, але скончыліся бланкі.
«Дэпутатка Канапацкая над гэтым працуе. І калі ўзяць па ўсёй Беларусі, колькі збярэцца гэтых подпісаў, я думаю, што няма куды дзявацца прэзідэнту – адменяць!», мяркуе збіральніца подпісаў Людміла Надзеявец з Пінску.
Зрэшты, улады рэагуюць ужо і зараз. У Бабруйску замест мясцовага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Віктара Уласевіча, якога актывісты запрасілі на месца збору подпісаў, прышлі міліцыянты. Участковы Мікалай Цішкоў незаконна зладзіў асабісты дагляд Галіны Смірновай, забраў у яе больш за тысячу подпісаў супраць Дэкрэту аб дармаедстве, а таксама інфармацыйныя матэрыялы прафзвязу РЭП. Саму ж жанчыну і аднаго з выпадковых падпісантаў забралі ў пастарунак.
«Пратакол вымання быў складзены, але мне нават не далі яго падпісаць. То бок у мяне няма на руках пратакола і апісання тых рэчаў, што ў мяне забралі», – кажа Галіна Смірнова.
Актывісты кажуць, што крадзенымі подпісамі на паперы галасоў вуліцы не заткнеш: многія з падпісантаў цвердзяць пра гатоўнасць выйсці на вулічныя акцыі пратэсту ў выпадку калі ўлады не прыслухаюцца да іх.
Маршы «недармаедаў» пройдуць у лютым у Гомлі, Горадні, Магілёве і Менску.