Аб'ектыў 23.01.2017 Наколькі Беларусь эканамічна адстала ад суседзяў?


Мінімальны ўзровень з 2007-га года

Міжнародны валютны фонд прыгледзеўся да дынамікі беларускай гаспадаркі. Прысуд не цешыць: у доларавым эквіваленце айчынны ВУП у 2016 годзе абваліўся амаль на 15 % – замест пазалеташніх $ 55 млрд. маем трошку больш за 47. На практыцы гэта азначае, што…

«Беларусь трапляе ў катэгорыю краінаў з з ВУП на душу насельніцтва ніжэй сярэдняга, што робіць яе значна менш інвестыцыйна прывабнай для замежных кампаніяў і менш надзейным партнёрам для іншых краінаў і замежнага бізнесу», – тлумачыць эканаміст Ленід Фрыдкін.

Каб не згубіць пазіцыяў на міжнародным рынку, валютны паказнік ВУП трэба стабілізаваць

Але беларуская гаспадарка, моцна завязаная на коштах на нафту і расейскай эканоміцы, ужо другі год запар дэманструе мінус. Прычым адмоўных лічбаў не было цягам 20 гадоў, нават у сусветны крызіс 2009 года. І толькі пазалетась – рэзкія амаль мінус 4 % ВУП. За 2016 год – падзенне на 2.6 %.

Праблема не толькі ў вонкавых фактарах

«Тыя мадэлі росту эканомікі за кошт бюджэтных уліванняў, за кошт выкарыстання расейскіх энергетычных датацыяў аказаліся недаўгавечнымі, а тыя сістэмы ўпраўлення і стымулявання, якія за гэты час выпрацавалі аказаліся недзеяздольнымі», – кажа спадар Фрыдкін.

Зваліць віну на сусветны крызіс не выпадае

Кантрастам для няўдачаў беларускай гаспадаркі выглядаюць паказнікі суседзяў.

У Польшчы хоць рост ВУП і запаволіўся, але складае 2.5 %, у Літве – блізу 2 %. Мінусавы паказнік сярод суседзяў толькі ў Расеі – там падзенне 2016-га года ацэньваюць на паўадсотка. 0.5 %. Украіна, на тэрыторыі якой – вайна, а ў 2015-ым ВУП быў -10 %, летась выйшла ў плюс.

Колькі мантру не паўтарай, патрэбныя канкрэтныя змены ў кіраванні эканомікаю

«Мы не павінныя адстаць, бо ў нас ёсць усё, каб прырастаць кожны год. Прырастаць», – запэўніваў Аляксандр Лукашэнка.

Праблемаю, паводле эканамістаў, застаюцца стратныя прадпрыемствы, якія выжываюць на дзяржаўных датацыях, шырокая практыка дырэктыўнага крэдытавання.

Хібы відавочныя і для грамадзянаў

«Занадта беларуская эканоміка зацыкленая на ўсходніх сваіх суседзях, там санкцыі, там спад, і ён абавязкова адабʼецца на нас і бʼе рыкашэтам».

«Няма такіх вытворчасцяў, якія маглі б канкураваць з замежнымі прадпрыемствамі».

«Свабоды прадпрымальніцтва няма».

«Калі стары плот пафарбаваць, то нічога ўнутры не зменіцца. Трэба ўсё знутры рабіць, а не звонку».

– мяркуюць жыхары Магілёва.

Улады Беларусі ўвесь час перафарбоўваюць сапсаваны плот

Прыклад – тыя ж абяцаныя з прэзідэнцкага пляча $ 500 сярэдняга заробку. Павелічэнне прыбыткаў насельніцтва будуць, як і раней, забяспечваць за кошт чарговай эмісіі грошай, а гэта – новая інфляцыя, а значыць – і зніжэнне эканамічнай актыўнасці. І кола ізноў замкнулася.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары