Найлепшы аграгарадок Беларусі развальваецца


Вёска Крулеўшчына Докшыцкага раёну, што на Віцебшчыне. Прыдбаным і прыгожым выглядае найбольш упарадкаваны аграгарадок у краіне. Прынамсі гэтак вынікае з артыкулу Уладзіміра Сауліча ў «Сельскай газеце».

Жыхары вёскі абурыліся і ўспрынялі артыкул як здзек

«Я гэтага артыкулу не разумею! Насамрэч, каб па Крулеўшчыне пахадзіць, з людзьмі паразмаўляць, дык выйшла б усё наадварот!», – кажа мясцовая жыхарка Марыя Юрцэвіч.

Між тым дарогі – далёка не адзіная праблема ў паселішчы. Цагельню ў вёсцы зачынілі амаль 20 гадоў таму, будынак пакрысе развальваецца, а нядаўна непрыбраныя разваліны траўмавалі чалавека.

«Завод у аварыйным стане. Мяне там было прадавіла – хацеў цэглу ўзяць. Накрыла плітой. 22 пераломы. І не зносяць!», – сведчыць інвалід і пенсіяер Аляксандр Крупскі.

Траўма ад будынку – толькі адна з непрыемнасцяў

Чалавеку з інваліднасцю рэгулярна пагражаюць штрафамі – за неўпарадкаванне тэрыторыі.

«Пайшоў у сельсавет, хацеў адмовіцца ад зямлі, якой не карыстаюся. Кажуць – не маеш права! Будзеш штраф плаціць!», – дадаў спадар Крупскі.

Летась з такой нагоды сельсавет аштрафаваў 90-гадовую жыхарку паселішча Надзею Крупеню. Брат, які раней дапамагаў спадарыні Надзеі ў гаспадарцы, памёр, а драўляная хата развальваецца. Жанчына звярталася ў сельсавет па дапамогу, але марна.

Пазіцыя ўладаў – грошай няма!

Старшыня сельсавету Алена Таляронак зазначае: Надзеі Крупені прапаноўвалі пакласціся ў шпіталь. Што датычыць цагельні, то знесці яе плануе раённае кіраўніцтва, праблема ўпіраецца ў грошы.

«Сёння разабраць маленькі старэнькі дом, гаспадарчую пабудову, трэба затраціць вызначаныя фізічныя і матэрыяльныя рэсурсы. Давайце возьмем у маштабах заводу. Гэта металічны, сур’ёзны каркас.Усё ўпіраецца ў фінансаванне!», – даводзіць спадарыня Таляронак.

Алена дадае, што пакуль сельсавет вешае толькі таблічкі з засцярогамі, а людзі самыя мусяць быць свядомыя, куды яны ходзяць. Між тым тэрыторыя вакол небяспечнага заводу не агароджаная.

Алена Таўляронак ужо 11 гадоў займае сваю пасаду, але праблемы за гэты час ніяк не развязваюцца. Відавочна, пра гэта «Сельская газета» пісаць не захацела.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum