Наглядчыкі помсцяць Бандарэнку ў турме


Працяг расправы з праваабаронцам. Сёння ў Леніскім судзе Магілёва пачаўся новы працэс Андрэя Бандарэнкі. Яго абвіначаваюць у злосным парушэнні рэжыму адбывання пакарання. Вязню пагражаюць чарговыя два гады зняволення. Папярэдні турэмны тэрмін Андрэя Бандарэнкі скончыцца ў сакавіку.

Што сапраўды адбываецца з праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам за кратамі, вядома вельмі мала. Сціплая інфармацыя, якая даходзяць да ягоных сваякоў, пацвярджае факты здзекаў, праз якія праходзіць вязень турмы № 4 у Магілёве. Падчас сённяшняга паседжання ў магілёўскім судзе паводле новай крымінальнай справы здымкі забаранілі. Нешматлікія фота зарэгістравалі схуднелага і стомленага чалавека.

«Новае абвінавачанне Андрэя паводле артыкулу 411 гэта працяг расправы над ім за ягоную праваабарончую дзейнасць», – даводзіць былы суддзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў.

Андрэю Бандарэнку інкрымінуюць зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы

Замест выхаду на свабоду ў сакавіку праваабаронцу могуць чакаць чарговыя два гады зняволення. З ранейшых лістоў было вядома, што ў турме з яго адмыслова і паслядоўна робяць зацятага парушальніка.

«Яшчэ адна гарачая навіна: 20 верасня на мяне наклалі адразу два парушэнні. Я склейваў канверты, і некалькі з іх склеіліся паміж сабой, што бывае. Гэта палічылі парушэннем. У выніку – новая вымова», – распавядае Андрэй Бандарэнка ў лісце.

За краты Андрэй Бандарэнка трапіў у 2014 годзе паводле абвінавачання ў хуліганстве

Аднак тыя, хто добра ведаў, чым займаўся праваабаронца, не сумняюцца, што супраць яго была здзейсненая правакацыя.

«Ён быў на столькі рашучым і смелым, што распавёў у Камітэце ААН па правах чалавека пра факты парушэнняў правоў асуджаных. Ён таксама перадаў спісы начальнікаў калоніяў, дзе груба парушаліся правы асуджаных», – узгадвае Міхаіл Пастухоў.

«Арганізацыя адразу атрымала поспех сярод вязняў»

Пра факты катаванняў, а нават забойстваў у беларускіх турмах грамадскасць даведвалася дзякуючы маніторынгам арганізацыі «Платформа» (пасля «Платформа Инавэйшн»), якую ачольваў Андрэй Бандарэнка.

«Арганізацыя адразу атрымала поспех сярод вязняў. Зняволеныя ведалі куды трэба тэлефанаваць. Бацькі, якія прыязджалі на сустрэчы, перадавалі інфармацыю Андрэю», – тлумачыць былы палітзняволены Мікалай Аўтуховіч.

Шматлікія скаргі ў пракуратуру і Следчы камітэт раздражнялі чыноўнікаў

«У маёй прысутнасці кіраўнік калоніі кідаў паперы на стол да крычэў: хто такі Бандарэнка!? Адкуль ён узяўся!? Яго гэта вельмі напружвала», – сведчыць спадар Аўтуховіч.

Такога да Бандарэнкі ў Беларусі не рабіў амаль ніхто

Цяпер надышоў час дапамагчы самому Андрэю – лічаць удзельнікі вечарыны салідарнасці, якая адбылася напярэдадні новага судовага разбірання. На сустрэчу прыйшлі сваякі Ігара Пцічкіна – маладзёна, які пры нявысветленых абставінах памёр у турме. Дзякуючы «Платформе Инавэйшн» ягоная справа выйшла ў медыі.

Сёння суд накіраваў справу Андрэя Бандарэнкі на дапрацоўку. Калі адбудзецца наступнае разбіранне, пакуль не вядома. Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці плануюць правесці ў Магілёве акцыі салідарнасці.

Ян Бабіцкі, «Белсат»