Наглядчыкаў, якія катавалі зняволеных у яраслаўскай калоніі, арыштавалі


Такога расейская турэмная сістэма ня бачыла даўно. Пяць наглядчыкаў калоніі арыштаваныя. Набірае абароты следства ў справе жорсткага збіцця зняволенага ў Яраслаўлі. Ці здольны скандал змяніць расейскую турэмную сістэму і ці катуюць вязняў у беларускіх турмах?

Гэтая стужка з відэарэгістратара, апублікаваная «Новой газетой» і фондам «Народны вердыкт» абарвала кар’еру ахоўнікаў яраслаўскай калоніі нумар адзін. Максім Яблакаў, Сяргей Драчоў, Сяргей Яфрэмаў ды Ігар Багданаў арыштаваныя на два месяцы. На відэа бачна, як год таму наглядчыкі катавалі вязня Яўгена Макарава.

Справу аб перавышэнні паўнамоцтваў супраць шасцярых працаўнікоў калоніі распачаў Следчы камітэт Расеі. Мінімум трое з іх ужо прызналі сваю віну.

«Гэтая справа, вядома, вельмі значная. Нарэшце людзі, дзякуючы праваабаронцам і сродкам масавай інфармацыі, змаглі ўбачыць, як гэта бывае насамрэч. Гэтая справа абавязкова дойдзе да суда, і калі не ўсе, то шмат хто з працаўнікоў папраўчай установы атрымае даволі вялікія тэрміны», – распавядае Алег Хабібрахманаў з расейскага Камітэту супраць катаванняў.

Жахі з яраслаўскага відэа – гэта штодзённасць расейскіх турмаў, заяўляюць праваабаронцы. Але нават такі скандал ня здольны спыніць катавальнага канвееру. Усяго праз два дні пасля публікацыі ў горадзе Клінцы пад Бранскам загінуў вязень. Яго задушылі наглядчыкі.

«Гэтыя людзі прыкулі кайданкамі чалавека да стала. Ручніком або прасціной, такая інфармацыя даступная, заткнулі яму рот, каб ён не крычаў, не скавытаў, а далей пачалі яго катаваць. Як яны мучылі – следства цяпер гэтым займаецца», – кажа праваабаронца Аляксандр Багамаз.

Яшчэ пару гадоў таму ў калоніі нумар 6 у Клінцах панавалі гулагаўскія парадкі. За месяц там забівалі па 2–3 чалавекі – прызнаюцца былыя зняволеныя.

«Пасля прыбыцця чарговага этапу – гэта ад 10 да 30 чалавек – амаль кожны тыдзень па два-тры разы ўвечары ладзілася паказальнае збіццё. Чалавека прымусова клалі на падлогу, і чалавек восем «актывістаў» білі яго нагамі на вачах у астатніх», – распавядае Аляксандр Бакулін, былы вязень папраўчай калоніі № 6.

У месцах зняволення ў Беларусі такія здзекі здараюцца радзей – кажуць праваабаронцы. Аднак гуманным стаўленне адміністрацыі да вязняў не назавеш. Папулярны метад уздзеяння – ціск на вязняў пры дапамозе іншых зняволеных. Практыкуецца і збіццё.

«Як правіла, асуджаных альбо прыкоўваюць кайданкамі ў вельмі нязручных позах, альбо сціскаюць гэтыя кайданкі да такой ступені, што спыняецца прыток крыві да рук. Таксама могуць збіваць дубінкамі па пятках ці іншых месцах, дзе не застаецца слядоў», – кажа беларускі праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Каб гулагаўскія катаванні адышлі ў мінулае, патрэбная зацікаўленасць уладаў і вялікія сродкі, кажуць адмыслоўцы. І змяняць трэба ўсю сістэму.

«Ну дзе вы чулі, каб у турме ў Нямеччыне выкарыстоўвалі катаванні? Ніколі вы такога не пачуеце! Але калі вы запытаеце, як уладкаваная турма ў Нямеччыне, то вы даведаецеся, што на 1500 асуджаных там прыпадаюць амаль 900 працаўнікоў папраўчай установы», – адзначае Алег Хабібрахманаў.

Пакуль расейскія ўлады больш зацікаўленыя геапалітычнымі авантурамі, чым правамі ўласных грамадзянаў – сцвярджаюць эксперты. Таму катаванні застаюцца жахліваю штодзённасцю, з якою рызыкуе сустрэцца кожны, хто трапляе за краты.

Аляксандр Папко, «Белсат»