«Нафтавы» манёўр Расеі спустошыць беларускі бюджэт


Шматмільярдныя страты бюджэту і праблемы з выплатаю вонкавай запазычанасці – такія наступствы для Беларусі можа прынесці падатковы манеўр Расеі. Пра рашучасць яго завяршыць заявіла нядаўна Міністэрства фінансаў Расеі. Чаму Масква пазбаўляе Беларусь нафтавай кропельніцы?

Ужо праз сем гадоў Беларусь страціць субсідыі ў выглядзе таннай расейскай нафты. Пра гэта ў інтэрв’ю агенцтву «Ройтэрз» заявіў прадстаўнік Міністэрства фінансаў Расеі Аляксей Сазанаў:

«Схаванага субсідавання ўжо не будзе. Раней гэта было «шэрае поле», калі грошы губляў федэральны бюджэт Расеі, а атрымлівалі нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі. Цяпер адбываецца значнае «абяленне» стасункаў у гэтай частцы, і гэта вельмі добра».

Да 2025-га года Расея намераная скончыць падатковы манеўр. Цана нафты на ўнутраным расейскім рынку павысіцца да сусветнай. Грошы ў бюджэт расейскі ўрад будзе збіраць не тады, калі паліва экспартуецца за мяжу, а адразу – праз падатак на здабыванне карысных выкапняў. Завяршэнне падатковага манеўру непазбежнае. Каментуе Уладзіслаў Жукоўскі, эканаміст, Масква:

«У Расеі прынятая на ўзбраенне дактрына фінансавага дэтэрмінізму. Любымі спосабамі намагаюцца напоўніць бюджэт любымі даходамі. Рэалізацыя падатковага манеўру ідзе ўжо не першы год. Планава павышаюцца акцызы на паліва. Планава павялічваецца падатак на здабыванне карысных выкапняў».

Акрамя таго, Масква перастане пастаўляць у Беларусь свае нафтапрадукты. Паводле заяваў Аляксея Сазанава, Менск штогод набываў да двух мільёнаў тонаў таннага расейскага паліва, якое прадаваў на ўнутраным рынку. А бензін, выраблены ў самой Беларусі, Менск прадаваў за мяжу. Страты за паўгода на пастаўках бензіну ў Беларусь Масква ацаніла на 150 мільёнаў долараў.

А на таннай расейскай нафце Беларусь летась здолела зэканоміць паўтара мільярда долараў.

«Страты Беларусі ад падатковага манеўра Расеі складуць каля трох мільярдаў долараў цягам 2019–2025 гадоў. Па-другое, стратаў можна чакаць не толькі ад гэтага падатковага манеўру, але і ад спынення схемы Сямашкі» – гаворыць Леанід Злотнікаў, эканаміст.

То бок перапродаж за мяжу сырой расейскай нафты, які даваў каля 600 мільёнаў долараў за год.

Памер нафтавай субсідыі Расеі скарачаецца цягам апошняга дзесяцігоддзя. Беларусь па-ранейшаму атрымлівае танны газ, але гэтага не дастаткова, каб ажывіць эканоміку, адзначаюць адмыслоўцы.

«Вырастуць складанасці з вяртаннем вонкавых пазыкаў. Акурат да 2025 года вяртанне пазыкаў будзе высокім – прыкладна 3,5–4 мільярды долараў за год. І калі раней мы з дапамогаю Расеі гэтыя пазыкі аддавалі, то цяпер з кожным годам нам будзе ўсё цяжэй іх аддаваць» – каментуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Масква стамілася ад Лукашэнкі, пішуць расейскія медыі апошнімі месяцамі. Менавіта пытанні нафты, а не геапалітыка сталіся яблыкам разладу ў дачыненнях паміж Масквой і Менскам, мяркуюць беларускія палітолагі. Палітолаг Арцём Шрайбман тлумачыць:

«Асноўны сэнс уразання нафтавай рэнты Менску заключаецца ў тым, каб Масква зэканоміла грошы на саюзніку, які не дэманструе такіх саюзных адносінаў, як раней. Мы цяпер будзем вымушаныя гандлявацца за кожную субсідыю».

Нас чакае некалькі гадоў напружанага гандлю паміж Лукашэнкам і Пуціным, прадказваюць эксперты. І сённяшнія канфлікты – гэта толькі пачатак гучных «сямейных» скандалаў.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: REUTERS / Mikhail Metzel / FORUM