Нафтагазавая вайна Беларусі ды Расеі: зацішша перад навальніцаю


Зацішша перад навальніцаю

Насуперак ранейшым пагрозам Менск вырашыў не патрабаваць з расейскіх нафтавікоў дадатковай платы за транзіт памерам 20 % адсоткаў ад ранейшай, абмежаваўшыся толькі планавым падвышэннем – утрая больш сціплым. Але адмыслоўцы канстатуюць, што супярэчнасці паміж саюзнікамі дагэтуль не развязаныя.

«Рэч у тым, што нявырашанасць пэўных палітычных момантаў пакінула нявырашаным і нафтагазавае пытанне», – цвердзіць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Канфлікт нанёс вялікую эканамічную шкоду Беларусі

Як паведамляе цэнтральная дыспетчарская ўправа Расеі, летась Масква скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь прыкладна на 20 %, у параўнанні з аналагічным пазалеташнім перыядам. Паводле вераснёўскай заявы прэмʼер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, гэта паглыбіла эканамічны спад Беларусі на 0.3 % Па выніках года – страты значна большыя.

«У Расеі эканамічны крызіс, у Расеі няма лішніх грошай і тыя самыя гаспадарчыя субʼекты – Газпром, нафтавыя кампаніі ды іншыя не збіраюцца лішні раз дараваць Беларусі грошы. Гэта шмат у чым памяняла сітуацыю, калі эканамічныя апытанні ва многіх сэнсах пераважаюць палітычныя і ідэйныя«, – упэўнены спадар Цыганкоў.

Лукашэнка шантажуе

Лукашэнка дамагаецца зніжкі на газ і павелічэння паставак нафты пры дапамозе палітычных рычагоў. Незадоўга да новага года кіраўнік Беларусі праігнараваў паседжанне найвышэйшай рады Еўразійскага эканамічнага саюзу ў Санкт-Пецярбурзе, дзе кіраўнікі краінаў-чальцоў мелі ўхваліць новы Мытны кодэкс саюзу. Раней ён паставіў пад пытанне прынцыповы падыход Беларусі да інтэграцыйных праектаў з Расеяй:

«Свой удзел у гэтых праектах мы будзем аптымізаваць. Я даў адпаведнае распараджэнне ўраду і адміністрацыі прэзідэнта. Мы цяпер аналізуем наш удзел у Еўразійскім эканамічным саюзе».

У Расеі ўлада Лукашэнкі пад пытаннем?

Гэты канфлікт прынцыпова адрозніваецца ад папярэдніх тым, што Масква, верагодна, больш не лічыць уладу Аляксандра Лукашэнку адзінаю магчымасцю трымаць Беларусь у сферы свайго ўплыву. Расейскія палітолагі перакананыя, што гэтым разам Крэмль не збіраецца паддавацца на ягоныя патрабаванні павялічыць субсідаванне збудаванай ім эканамічнай мадэлі.

Запазычанасць за расейскі газ ужо паўмільярда долараў

Паводле агенцтва «Ройтэрз», Расея плануе і сёлета пастаўляць нафту ў Беларусь у леташніх зменшаных аб’ёмах – 18 мільёнаў тонаў замест 26-ці, якіх патрабаваў Менск. Між тым, запазычанасць за расейскі газ дасягае ўжо паўмільярда долараў.

«Мяркуючы з усяго, Расея саступаць не мае намеру, яна патрабуе, каб Менск вярнуўся да дамоўленай сістэмы, то бок – адназначнай капітуляцыі. Я мяркую, што ў найбліжэйшыя месяц-два канфлікт будзе працягвацца і Расея скароціць пастаўкі нафты ў Рэспубліку. Пакуль не на 40 %, ідзе гаворка пра 10 % скарачэнне. Але гэта таксама шок для бюджэту Рэспублікі», – тлумачыць палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Нафтагазавы канфлікт паміж Беларуссю і Расеяй пачаўся ў першым паўгоддзі летась. Менск абураецца тым, што расейскія спажыўцы атрымліваюць газ паводле субсідаваных коштаў і патрабуе гэткіх жа субсідыяў для беларускіх вытворцаў, каб яны маглі канкураваць на расейскім рынку. Калі Масква не пагадзілася, Беларусь пачала плаціць справядлівую, на свой погляд, цану ў аднабаковым парадку. Расея настойвае, каб Менск плаціў кантрактавую цану.

Станіслаў Івашкевіч, Менск