«Начныя ваўкі» зноў збіраюцца «На Берлін» праз Беларусь


Трэці год запар «Начныя ваўкі» паспрабуюць штурмаваць Берлін…

Сёлета, як і ў папярэднія гады, – праз нашую краіну. Летась еўрапейцы перакрылі «прапагандысцкі марш» байкераў на польскай мяжы.

Улады Беларусі гасцінна віталі «Начных ваўкоў» на нашай зямлі

«Тэма Другой сусветнай вайны – дзе беларускае кіраўніцтва адмовіць не можа, менавіта праз гэтую лазейку могуць прасочвацца розныя прарасейскія фармаванні. Гэта можа ствараць пагрозу, але сама ўлада стварыла гэткую патавую сітуацыю: не можа ж яна забараніць адзначаць Дзень перамогі некаму», – мяркуе Эдуард Пальчыс, рэдактар сайту 1863x.com.

Улады Беларусі мусяць рэагаваць на небяспечныя заявы расейскіх гасцей

Гэтак, летась лідар байкераў Аляксандр Залдастанаў заявіў, што Беларусь – гэта Расея. Тады старшыня партыі БНФ звярнуўся ў пракуратуру з патрабаваннем прызнаць гэта экстрэмісцкім заклікам.

«Пракуратура сама дамысліла, што ён меў на ўвазе, напісала, што ён відавочна не меў на ўвазе нейкія пагрозы. То бок фактычна вырашыла схавацца ад выканання сваіх непасрэдных абавязкаў – ад абароны канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі», – узгадвае Аляксей Янукевіч, старшыня БНФ.

Мотапрабегі, і выказванні байкераў не выпадковыя ды не бяскрыўдныя

«З гэтага пачыналася і ва Украіне – 2013 год, такія ж прабегі, такія ж сяброўскія візіты, і гэта было падрыхтоўкай стварэння ячэек унутры краіны», – звяртае ўвагу Эдуард Пальчыс.

Стварэння ячэек, якія ў гадзіну «ікс» падтрымалі планы расейскіх уладаў анексаваць Крым: менавіта «Начныя ваўкі» заблакавалі Севастопальскую адміністрацыю і выкрадалі ўкраінскіх сілавікоў, якія баранілі паўвыспу.

Украінцы ды еўрапейцы абвесцілі лідараў «Начных ваўкоў» персонамі нон-грата.

Упершыню праз Беларусь пройдзе цяжкая вайсковая тэхніка ў межах бронепрабегу

Прабег ладзіць расейскае «Ваенна-тэхнічнае таварыства». Байкеры ж зладзяць цэлых два марш-браскі праз Беларусь: адзін да Берасця, другі да Берліну.

«Гэтыя людзі, якія едуць – гэта не байкеры, яны прапагандысты, якія ездзяць дзеля таго, каб пашыраць і прапагандаваць ідэі «Рускага свету», – упэўнены лідар БНФ.

Цяпер у нашай краіне дзеяць прынамсі чатыры прадстаўніцтвы «Начных ваўкоў», якія на сваю дзейнасць атрымліваюць фінансаванне з расейскай амбасады. А іх лозунг – «Дзе мы – там Расея».

Вольга Старасціна, «Белсат». фота: Ria Novosti / Reuters / Forum