Аб'ектыў 19.07.2018 Набыць кватэру танна, а прадаць дорага – не атрымаецца


У Беларусі будуюць усё менш жытла. Паводле Белстату, за гэтыя паўгода заселеныя на 12 % менш дамоў і кватэраў, чым за той жа перыяд летась.

10-гадовы антырэкорд. Па выніках гэтага года пры захаванні існай дынамікі будаўніцтва колькасць новых дамоў можа быць найменшай з 2005 года.

Агулам за 6 месяцаў будаўнічыя арганізацыі закончылі 19 тысяч 300 новых кватэраў. Іх агульны метраж – на 12 % меншы, чым за год да гэтага. А летась пабудавалі амаль удвая меней жытла, чым у 2010-м годзе.

«Мы бачым дэфіцыт прапановы. Бо для таго, каб купіць кватэру ў гатовай новабудоўлі, трэба добра пастарацца, каб яе знайсці. Такіх прапановаў сёння няшмат, у адрозненне ад мінулых гадоў. Адпаведна, за іх бяруць вялікія грошы», – кажа аглядальнік Realt.by Арцём Сахарэвіч.

Адна з прычынаў запаволення будаўніцтва – вылучэнне меншай колькасці надзелаў, асабліва ў сталіцы, заявіў «Белсату» праз тэлефон былы старшыня Беларускай асацыяцыі нерухомасці Мікалай Прасталупаў. Змяншэнне прапановы спрычынІла пад’ём коштаў. Дадаўся і рост попыту, на які паўплывала павелічэнне заробкаў і больш даступныя крэдыты. Паводле статыстыкі сайту Realt.by, у сярэднім квадратны метр у сталіцы за апошні год падаражэў на 14 % – амаль да $ 1300.

Што праўда, апошнія тры месяцы кошты кватэраў стабілізаваліся. Адмыслоўцы тлумачаць гэта сезонным зацішшам. Увосень яны могуць крыху падрасці, але падставаў для доўгатэрміновай тэндэнцыі падаражэння адмыслоўцы не бачаць. Рэч у тым, што цяпер на рынку шмат будоўляў, якія могуць закончыцца налета ці да 2020-га года, тлумачыць Арцём Сахарэвіч.

«Цяпер магчымасцяў, каб купіць танна, а прадаць дорага – нашмат менш. Таму рынак будзе нашмат больш спакойны. Ён будзе перадусім арыентаваны на тых, хто купляе сабе жытло, а не разглядае яго з пункту гледжання інвестыцыяў», – падсумоўвае эксперт.

Менск – адна з найдаражэйшых сталіцаў былога Савецкага Саюзу. Адна з прычынаў – перапоўненасць. Цяжкае эканамічнае становішча ў рэгіёнах штурхае ў сталіцу грамадзянаў з усёй краіны – у пошуках працы і жылля.

Станіслаў Івашкевіч

Глядзі таксама
Каментары