На зімовых Алімпійскіх гульнях Беларусь выступае лепш, чым на летніх


Гэтак атрымліваецца, што на летніх Алімпійскіх гульнях Беларусь усё здае і здае свае пазіцыі. Калі прасачыць колькасць узнагародаў па гадах, вымалёўваецца рэгрэс – 15-17-15-13-10-9. На Зімовых алімпіядах нашыя суайчыннікі ў апошняе дзесяцігоддзе наадварот лепш выглядаюць, чым на досвітку суверэнітэту.

Да Турыну-2006 уключна на чатырох Гульнях было два срэбры, дзве бронзы, бронза і срэбра. То бок, без золата. Ванкувэр-2010 падарыў Беларусі ўжо тры ўзнагароды, па адной кожнай вартасці. Трыумф Сочы, здаецца, замежны: шэсць п’едэсталаў з ажно пяццю «залатымі» медалямі. У Пхёнґчханґу-2018 вяртаемся да трох медалёў, але з двума залатымі. Як вы ўжо чулі з нашага выдання, гэта 15-е агульнакаманднае месца. Такое ж, як на першай самастойнай Алімпіядзе-1994 у нарвежскім Лілeгамэры. Рэкорд вышыні, зразумела, быў у Сочы-2014, дзе Беларусь паднялася на 8-е агульнакаманднае месца.

Дарэчы, залаты медаль 37-мігадовай нарвежкі Марыт Бёрґен выратаваў яе краіну ў жорсткай барацьбе за агульнакамандную перамогу ў неафіцыйным заліку з прадстаўнікамі Нямеччыны, якія таксама ганарыліся «золатам» у апошні дзень і ўзялі тую ж колькасць тытулаў – 14, але ў агульным ліку медалёў скандынавам саступілі.

Бёрген выгуляла 30-кіламетровы лыжны марафон класічным стылем з яўнаю перавагаю, апярэдзіўшы пераследніцу, маладзейшую на дзесяць гадоў фінку Крыста Пярмякоскі амаль на хвіліну 50. А немцы крыху раней атрымалі перамогу ў мужчынскім камандным турніры бабслеістаў. Нарвегія выгуляла зімовую Алімпіяду восьмы раз, стаўшы рэкардсменкай у гэтым паказніку. Да Гульняў-2018 «вікінгі» дзялілі першае месца ў колькасці камандных перамогаў за ўсю гісторыю са зборнай Савецкага Саюзу. Дарэчы, Расея, якая назвала сябе пераемніцаю СССР усталявала антырэкорд у медальным заліку зімовых Гульняў, але ў камандным падсумаванні ўсё роўна вышэйшая за Беларусь. У нашых усходніх суседзяў – 13-е месца.

 

Фота – REUTERS